Выйшаў з друку “Новы замак-2016”



У менскім выдавецтве “Кнігазбор” свет пабачыў літаратурны альманах “Новы замак” Гарадзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. З друку выйшла ўжо пяць выпускаў.

“Новы замак” на гэты раз парадуе чытачоў прозай старой Гародні: “Гістарычнымі палотнамі” Сяргея Астраўцова і апавяданнямі Віктара Варанца.

Хто любіць паэзію з вялікім задавальненнем прачытаюць вершы Святланы Абдулаевай, Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Юркі Голуба, Міколы Канановіча, Мечыслава Курыловіча, Аліны Паўлоўскай, Сяргея Чыгрына.

Проза Прынёмання парадуе творчымі адкрыццямі Валянціна Дубатоўкі, Міхася Зінюка, Альжбеты Кеда, Віктара Сазонава, Андрэя Мялешкі, Віктара Шукеловіча, Міколы Канановіча.

З публіцыстыкі таксама чытачам будзе на што кінуць вока. А гэта “Сказ пра Каложу” Яўгена Петрашэвіча, “Як здымалі “Пана Тадэвуша” у 1928 годзе” Інгі Астраўцовай, згадку пра Алега Лойку Сяргея Чыгрына, успаміны Аляксея Пяткевіча з мінулага гарадзенскай пісьменніцкай суполкі, пра творчасць Зьніча разважае Таццяна Трафімчык, пра архіў Юрыя Гуменюка распавядае Віктар Жыбуль.

Анатоль Брусевіч пазнаёміць чытачоў з пытаннямі энтрапіі ў сістэме мастацкага слова, а Сяргей Астраўцоў з публіцыстычнымі матэрыяламі “Апавяданне Быкава пра Быкава і Карпюка” і “ 486 лістоў да беларускай эміграцыі”. Як бачыце, у “Новым замку” ёсць што пачытаць.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя