Выйшаў зборнік “Леў і ключы” лідскага паэта Алеся Мацулевіча



У Лідзе выйшаў зборнік вершаў “Леў і ключы” маладога паэта Алеся Мацулевіча. Ён складаецца з вершаў, паэм і п’есы, прысвечаных пэўным гістарычным падзеям, якія так ці інакш звязаныя з Лідай і Лідчынай. Па словах аўтара, зборнік наскрозь прасякнуты патрыятызмам і любоўю да роднага горада. Таму і ў яго назве прысутнічаюць асноўныя элементы герба Ліды – леў і ключы.

– Зборнік названы “Леў і ключы” таму, што цалкам прысвечаны гораду. Тут я нарадзіўся, вырас, жыву, працую. І вось даўно ў мяне была такая задумка выдаць кнігу, прысвечаную роднаму гораду. І вось яна вылілася ў гэтую кнігу “Леў і ключы”. Мэтай стварэння гэтай кнігі было тое, каб заахвоціць чытача больш глыбей вывучаць гісторыю роднага горада, цікавіцца ёй.

Алесь Мацулевіч – малады аўтар з Ліды. Скончыў філалагічны факультэт Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працуе ў рэдакцыі “Лідскай газеты”. Друкаваўся са сваімі вершамі на старонках часопіса “Верасень”.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.