Беларуская мастачка з Падляшша Малгажата Дмітрук у Менску



Выстава беларускай мастачкі з Падляшша Малгажаты Дмітрук пад загалоўкам «Малпоўнік ды Іншыя гісторыі» адкрылася ў Менску.

Праект падрыхтаваны Польскім Інстытутам у Менску сумесна з Маршалкоўскай ўправай Падляшскага ваяводства Рэспублікі Польшча.

Малгажата Дмітрук:

— Я сама з Беласточчыны і нарадзілася ў Бельску-Падляшскім, што непадалёк Беластока і Белавежы. Я польская беларуска і там скончыла беларускі ліцэй, і неяк так пайшла мая жыццёвая дарога. Беласточчына ў маіх працах вельмі важная, і заўсёды будзе. Гэта такі калодзеж з якога бесперапынна можна чэрпаць натхненне.

«Малпоўнік» (літаральна «Малпін гай» – «Małpi gaj») — гісторыя на 40 старонках, літаграфія, 2010, 29×20 см. Нататкі-комікс аб штодзённасці. Тагачаснай. Гэта кніга пра дзяцінства і сталенне. Пра адносіны. Пра сяброўства. Пра любоў у сям’і і да блізкіх. Пра малое мястэчка. Пра абсурды. Пра жыццё ў завяршальны перыяд ПНР — Польскай Народнай Рэспублікі ды пра смерць, упісаную ў жыццё.

Вернісаж выставы Малгажаты Дмітрук прайшоў у беластоцкай галерэі Арсенал у 2013 годзе. Цяпер выстава, папоўненая новымі карцінамі, завітае ў Менск, кажа Магдалена Лыжніцка-Санчэнко, арганізатарка ад імя Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства.

— Гэта будзе выдатнай нагодай для папулярызацыі людзей, якія паходзяць з нашага рэгіёну, і творчасць якіх моцна прасякнутая характарам нашага ваяводства. І мастацкая дзейнасць Малгажаты Дмітрук  — гэта, без сумневу яскравы прыклад такой творчасці.

Малгажата Дмітрук нарадзілася на Беласточчыне ў 1974 годзе, вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Менску, скончыла Варшаўскую акадэмію выяўленчага мастацтва. Мастачка – шматкратны лаўрэат прэсціжнага конкурсу „Варшавская графіка”.

Выстава будзе працаваць да 15 красавіка.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток