Выстава Евангелляў у Гародні



У бібліятэцы гарадзенскага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора адбылася выстава напрастольных Евангелляў з рызніцы праваслаўнага храма. Самая старажытнае Евангелле ў зборы датуецца другой паловай сямнаццатага стагоддзя – часамі праўлення ў Расеі цара Пятра І. Адметнасцю старадрукаў з’яўляецца тое, што многія з іх утрымліваюць эпіграфічныя надпісы, якія былі зробленыя ў розныя гістарычныя эпохі. На думку настаяцеля Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора протаіерэя Гергія Роя, не ў апошнюю чаргу выстава ладзіцца дзеля папулярызацыі праваслаўных традыцый сярод насельніцтва:

Адразу ўзнікла такая ідэя – паказаць гэта людзям. І каб не толькі я і святары з імі пазнаёміліся, але каб і нашы прыхаджане і гараджане маглі зайсці і глянуць на гэтыя нашы цікавосткі.

Сярод прадстаўленых на выставе старадрукаў знаходзяцца і тыя, што былі ў зборах цяпер ужо неіснуючай царквы Аляксандра Неўскага ў Гародні. Арганізатары выставы маюць намер і надалей ладзіць падобныя мерапрыемствы, знаёмячы такім чынам  гарадзенцаў з гісторыяй праваслаўя ў Прынёманскім рэгіёне.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня