Выстава графікі і плаката Каі Рэнкас “Трансфармацыі”



Плакат — мастацтва вуліцы, але часам ён трапляе і ў фешэнебельныя залы. Днямі ў галерэі Беларускай акадэміі мастацтваў у Менску адбылося адкрыццё выставы маладой мастачкі з Сілезіі Каі Рэнкас.

«Трансфармацыі» — цыкл найноўшых графічных прац Каі Рэнкас, заснаваных на сюррэальнай канцэпцыі вайны, людзей, машын, звязаных з ёю. Увесь цыкл замыкаецца ў рамках старой фатаграфіі. Постаці, рэчы, месцы выклікаюць смутак, неспакой. Яны расказваюць старыя гісторыі, якія, на жаль, адносяцца таксама і да сучаснасці.

 Гаворыць аўтарка і дырэктар Інстытута Польшчы ў Менску Матэўш Адамскі.

— У галерэі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Менску мы прэзентуем выставу графікі і плаката маладой сілезскай мастачкі Каі Рэнкас. Кая Рэнкас не першы раз ў Беларусі. Польскі інстытут у Менску імкнецца да таго, каб паказваць у Беларусі ўсё, што найлепшае ў польскім мастацтве. Таму я вельмі рады, што мы мелі магчымасць паказаць гэтую выставу. Працы вельмі цікавыя. Як сказаў спадар рэктар Баразна, плакат — гэта мастацтва вуліцы, жывое мастацтва і мы бачым на гэтай выставе выдатныя прыклады сучаснага плакату і сучаснай графікі.  

Кая Рэнкас:

— Адбыўся вернісаж маёй выставы, на якой я прэзентую дзве серыі прац: адна — графіка, якая адносіцца да тэмы трансфармацыі, а другая серыя — мае плакаты, якія з’явіліся цягам апошніх некалькіх гадоў.

Кандыдат мастацтва Міхаіл Баразна:

— Я вельмі зайздрошчу сучасным студэнтам Акадэміі мастацтваў, якія рэгулярна бачаць у нашых выставачных залах праекты вельмі высокага кшталту. Таму найперш вялікі дзякуй Польскаму інстытуту, амбасадзе Польшчы за тыя праекты, якія на працягу многіх гадоў мы маем магчымасць паказваць студэнтам, выкладчыкам. Усе гэтыя праграмы маюць высокі ўзровень. У наш час, калі я быў студэнтам, гэта было вялікай рэдкасцю і мы карысталіся магчымасцю часопісаў «Projekt» і «Sztuka», а сёння зусім іншая сітуацыя. Але я хачу сказаць некалькі слоў менавіта пра гэтыя творы: плакат — гэта найперш мастацтва інтэлектуальнае, тут спалучаецца і праектная культура дызайнера, высокія кшталты мастака, вялікі інтэлектуальны патэнцыял, эрудыцыя. Плакат, які знаходзіцца з рамах, у музеях і галерэях — гэта нонсэнс, яна робяцца, каб быць бліжэй да гледача, наклееныя на рэкламную тумбу, ці нават на не зусім чысты плот. У выніку гэтай бітвы за гледача лепшыя плакаты становяцца музейнымі каштоўнасцямі, вельмі дарагімі, і па кошце і вельмі дарагімі гледачу, бо ён мае магчымасць бачыць іх значна часцей чым твор скульптуры ці графікі.

За савецкім часам беларускія студэнты-мастакі захапляліся польскімі часопісамі «Projekt» і «Sztuka». Адзінымі мастацкімі часопісамі з Захаду, якія можна было легальна набыць у БССР. З тых захапленняў вырасла свая ўласная мастацкая школа авангарду.

Кая Рэнкас

Выпускніца Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах.

Жыве на Сілезіі, у Хожаве, працуе ў Цешыне ў Інстытуце Мастацтва Сілезскага ўніверсітэта, адначасова шмат падарожнічае па розных дзіўных кутках свету.

Калекцыянуе старыя прадметы, кнігі, фотаздымкі, якія часта натхняюць яе ў творчасці. Стварае малыя і вялікія праекты. Паколькі тое, што яна робіць, з’яўляецца яе захапленнем – гэта дазваляе рэалізаваць дзіўныя, фантастычныя бачанні, створаныя ўяўленнем.

Яна супрацоўнічае з многімі галерэямі і культурнымі ўстановамі, рэалізуючы мастацкія праекты. З’яўляецца лаўрэатам узнагарод у галіне плаката, у тым ліку Міжнароднай біенале плаката ў Варшаве, Біенале фотаплаката ў Плоцку. Стварае праекты для польскіх і замежных устаноў, стала супрацоўнічае з Каракаўскай галерэяй Кшыштафа Дыда, Галерэяй плаката ва Уроцлаве, Акруговым музеям у Новым Сончы, літаратурным месячнікам The River Stix w St.Louis. У яе адбылося звыш 30 аўтарскіх выстаў, між іншым у Берліне (Германія), Анкары (Турцыя), Сент-Луісе (ЗША), Дэ-Калб (ЗША), Лёвене (Бельгія), Трнаве (Славакія), Остраве (Чэхія), таксама Кая Рэнкас прымала ўдзел у больш за 100 калектыўных выставах.

У часе сваёй педагагічна-мастацкай дзейнасці вяла майстар-класы і лекцыі ў замежных цэнтрах, у тым ліку ў ЗША, Турцыі, Уэльсе. Была членам журы міжнародных мастацкіх конкурсаў.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара