Выстава інтэлектуальнага даробку беларусаў за апошнія 30 год



Выстава „Cogito Albarutheniae. Панарама беларускага мыслення” – гэта энцыклапедыі, анталогіі, альманахі, зборнікі, кнігі, часопісы, перыёдыкі – усяго болей за 200 аб’ектаў, якія прадстаўляюць самыя цікавыя інтэлектуальныя выдавецкія праекты ў Беларусі за апошнія 30 год.

cogito-albarutheniae-09

Выставай распачаўся Тыдзень беларускага мыслення, падрыхтаваны Беларускім Калегіумам, Лятучым універсітэтам, Міжнародным кансорцыумам “ЕўраБеларусь” і шэрагам іншых грамадскіх арганізацый і асветніцкіх праектаў. Паводле слоў Таццяны Вадалажскай, каардынтаркі Лятучага ўніверсітэта, «гэтая выстава стварае для нас усіх гістарычны і культурны кантэкст існавання і развіцця – і менавіта таму з яе пачынаецца Тыдзень беларускага мыслення».

– На выставе фактычна прадстаўлена максімальна шмат праектаў і ініцыятываў. Канешне, не ўсё, але тое, што за гэтыя 30 гадоў было створана. Прычым, у асноўным, па-за межамі інстытуцый. То бок гэта абсалютна жывое, свабоднае мысленне, якое само сабе стварала часопісы, выданні і г.д.

Нагадаем, 2016-ы быў аб’яўлены шэрагам інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў Годам беларускага мыслення, мыслення як часткі нашай ідэнтычнасці, самаразумення нацыі, шляхоў асэнсавання яе сутнасці ды прызначэння. Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч зазначае, што выбітныя беларускія мысляры пакуль што, на жаль, малавядомыя шырокаму колу беларускага грамадства – іх публікацыі выходзяць невялікімі накладамі, дзяржаўныя ўстановы ды медыі не лічаць вартым цікавіцца беларускай філасофскай школай.

– І вось гэты тыдзень – гэта такая спроба выйсці да шырокай публікі з тымі, хто распачынае думку, якая сканчваецца ў свядомасці тых, хто гэта чытае. Чытае, абмяркоўвае і кіруецца гэтым у сваім жыцці і дзейнасці.

Мерапрыемствы Тыдня беларускага мыслення будуць праходзіць на розных пляцоўках не толькі ў Менску, але і ў Астраўцы, Бабруйску, Берасці, Віцебску, Гомлі, Гародні і Магілёве. З праграмай тыдня можна азнаёміцца на сайце  Лятучага ўніверсітэта – www.fly-uni.org. Уваход на ўсе мерапрыемствы – вольны.

 Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара