Выстава «На радзіме Тадэвуша Касцюшкі» адкрылася ў Івацэвічах



У гісторыка-краязнаўчым музеі горада Івацэвічы адкрылася перасоўная выстава мастацкіх твораў пад назвай «На радзіме Тадэвуша Касцюшкі». Выстава прысвечана 270-м угодкам з дня народзінаў Тадэвуша Касцюшкі. У ёй прынялі ўдзел 10 мастакоў з Менску і Слоніма.

«Гэта не першая сумесная выстава менскіх і слонімскіх мастакоў», — кажа Ініцыятар і аўтар творчай канцэпцыі выставы Андрэй Лычкоўскі:

— Наша творчая суполка «Абуджэнне» — гэта менскія мастакі, якія даўно падарожнічаюць па Беларусі, выстаўляюцца. Са Слонімам мы пазнаёміліся тры гады таму назад і выйшла вось такая прапанова: рабіць рэгіянальныя выставы ў розных гарадах Беларусі. Пленэр будзе праз два тыдні.

У часе імпрэзы супрацоўнікі музея распавялі пра жыццё Тадэвуша Касцюшкі. Для дзяцей вельмі цікавымі і карыснымі аказаліся майстар-класы, зладжаныя мастакамі, пад час якіх наведвальнікі выставы маглі павучыцца жывапісу.

Тадэвуш Касцюшка нарадзіўся ў Марачоўшчыне пад Косавам 4 лютага 1746 года. Вядомы як змагар за свабоду ЗША, Францыі, Рэчы Паспалітай.

Беларускае Радыё Рацыя