Выстава постімпрэсіяністаў у Новым замку Гародні



Выстава з’яўляецца часткай маштабнага праекта “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, які з поспехам дэманстраваўся ў Менску, Гомелі, Віцебску, Вільні. Калекцыя АТТ “Белгазпрамбанк” з’яўляецца самым буйным зборам прац экспрэсіяністаў Парыжскай школы хіба не толькі ў нашай краіне, але і ва Ўсходняй Еўропе навогул.

У Гародні гледачы ўпершыню ўбачаць аўтэнтычныя палотны нашых таленавітых землякоў – Восіпа Любіча з Гародні і Пінхуса Крэменя, які нарадзіўся ў Жалудку. Абодвух яшчэ маладымі хлопцамі лёс прывёў на пачатку ХХ ст. у Парыж, дзе разам з Шагалам, Пікаса, Мадыльяні яны склалі знакамітую Парыжскую Школу. Любіч і Пінхус працавалі ў стылі блізкім да постімпрэсіянізму і на сённяшні дзень з’яўляюцца шырока знанымі ў Заходняй Еўропе мастакамі, творчасць якіх да 2011 г. не была прадстаўлена на Радзіме.

Падчас адкрыцця выставы малады гарадзенскі мастак Аляксандр Балдакоў атрымаў з рук старшыні праўлення банка Віктара Бабарыкі прэмію “Арт-Беларусь” з чэкам на суму 7000 еўра.

Ёзаф Бялевіч, Беларускае Радыё Рацыя