Выстава ў Сейме: Беларусы ў межах II Рэчы Паспалітай (абноўлена)



11027999_10204435016771200_1573329245530975722_n

У галоўнай зале Сейма Польшчы ў Варшаве (1 паверх, вул. Вейска 4/6/8) адкрылася выстава, прысвечаная прадстаўнікам беларускай меншасці ў Сейме міжваеннай Польшчы. Выставу, якая называецца „Прадстаунікі беларускай меньшасці у польскім парламенце II Рэчы Паспалітай”, ладзіць Беларускі дом у Варшаве.

Як распавёў арганізатар выставы, заснавальнік Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, у стварэнні экспазіцыі дапамагаў старшыня камісіі па замежных справах польскага Сейма Роберт Тышкевіч. На выставе прадстаўлены стэнды з інфармацыяй пра выбітных дзеячаў – выхадцаў з Беларусі, якія ўдзельнічалі ў палітычным жыцці Польшчы:

 – Такія выдатныя сыны, як той жа Адам Станкевіч, заснавальнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, як Браніслаў Тарашкевіч, складальнік першай беларускай граматыкі. Гэта выстава гістарычная, ёсць у нас супольныя старонкі гісторыі паміж нашымі беларускім і польскім народамі, ёсць вось гэтая гісторыя польскага парламентарызму, у якую свае цаглінкі ўклалі і беларускія дэпутаты і Сейму, і Сенату ІІ Рэчы Паспалітай. Мы перакананыя, што вось на гэтым грунце трэба будаваць пазітыўныя стасункі паміж нашымі дзяржавамі.

Як паведаміў Алесь Зарэмбюк, выстава нездарма адкрылася менавіта цяпер, бо ў польскім Сейме праходзяць чарговыя пасяджэнні і большасць польскіх дэпутатаў ды журналістаў могуць паглядзець на 12-ці вялікіх каляровых стэндах інфармацыю пра беларускіх палітычных дзеячах часоў ІІ Рэчы Паспалітай.

„На выставе прадстаўлены, дакументы, фотаздымкі, а таксама мапы”, – кажа Сільвія Тафілюк, якая займалася адборам матэрыялаў прадстаўленых на выставе:

– Сярод дакументаў прадстаўлены фрагменты прававых актаў ІІ Рэчы Паспалітай, фотаздымкі асобных дэпутатаў, а таксама сцэнкі з жыцця Сейма і Сената ІІ Рэчы Паспалітай. Гэтых матэрыялаў не шмат, бо яны зніклі падчас Другой сусветнай вайны, а калі ідзе пра беларускую меншасць, то іх увогуле вельмі мала. Найважнейшае – гэта мапы, якія ілюструюць стан беларускай меншасці.

„Выстава мае на мэце прыгадаць пра прысутнасць і актыўнасць беларусаў у грамадскім і палітычным жыцці ІІ Рэчы Паспалітай”, – кажа Алесь Зарэмбюк старшыня Беларускага дому ў Варшаве:

– Я перакананы, што многія нават не ўяўляюць, што мы мелі настолькі актыўную меншасць у ІІ Рэчы Паспалітай, і мы ўжо размаўляем пра тое, каб працягнуць гэтую выставу, таксама паказаць іх дзейнасць, іх актыўнасць і вынікі іх дзейнасці. Кім гэтыя асобы ўвогуле з’яўляюцца, у тым ліку для беларускага народа, і для станаўлення беларускай нацыі сёння.

Плануецца, што выстава таксама будзе прэзентавана на Падляшшы, дзе ўжо вядуцца перамовы з культурніцкімі ўстановамі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Беларускае Радыё Рацыя, facebook.com/Aleś Zarembiuk