Выстава Уладзіміра Вішнеўскага ў Гародні



У Гародні на Дзень Святога Губерта прайшоў вернісаж мастака-графіка з Менска Уладзіміра Вішнеўскага. У арт-галерэі „Крыга” некалькі дзясяткаў яго работ: графіка і  скульптура – аб’ядналіся ў адну тэму: „У гонар Святога Губерта”.  Выдавецкая серыя “Гарадзенская бібліятэка” для гэтай падзеі падрыхтавала адмысловы буклет выстаўленых твораў мастака. Кажа Уладзімір Вішнеўскі:

– Графіка па сваёй сутнасці манументальная. Хоць яна мае малыя формы, але мысліць яна манументальна. Тут, у асноўным, станковая графіка. Напрыклад, у адной з маіх прац, якая называецца “Апошні паляўнічы”, ёсць сумяшчэнне слаёў наскальнага жывапісу, калі людзі палявалі на жывёл для таго, каб выжыць. Ёсць і іншыя працы. Напрыклад, “Белы і чорны анёл”. Гэта разважанне пра дабро і зло, пра дзень і ноч, пра чорны шрыфт і белае поле. Гэта філасофскія разважанні.

Каб павітаць Уладзіміра Вішнеўскага, прыйшлі мастакі, студэнты, беларуская інтэлігенцыя. На вернісаж мастака прыехаў яго малалетні сын Ян Казімір, які для таты зрабіў ўласны падарунак – песню на словы Генадзя Бураўкіна.  Выстава працуе да 25-га лістапада.

Святкаванні Дня Святога Губерта – патрона Гародні – адбываюцца цягам тыдня. 4 лістапада ўвечары ў іх межах – канцэрт Змітра Вайцюшкевіча.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара