У Гародні адкрылася выстава выцінанак і жывапісу



У Гарадзенскім абласным метадычным цэнтры адкрылася выстава маладых творцаў з Лідчыны: мастачкі Ірыны Вашкевіч ды майстрыхі выцінанкі Дар’і Юрчык. Да гэтага яны ўжо прымалі ўдзел у моладзевых творчых выставах, сярод іх „Маладыя таленты Панямоння” і „Творчая рунь”. Іхнія вырабы — пошук новага прымянення традыцыйных формаў, — кажа супрацоўніца абласнога метадычнага цэнтра.

— Яны вельмі цягнуцца да традыцыйнай культуры, да народнай спадчыны. Да прыкладу, тая ж Ірына Вашкевіч, акрамя таго, што прадстаўленыя яе палотны жывапісу, яна яшчэ і майстар па народнаму касцюму і даследуе традыцыйную культуру. Усё гэта яна пераасэнсоўвае і стварае такія сучасныя стылізаваныя убранні для моладзі.

 

Дар’я Юрчык апрача вырабаў выцінанкі мае дадатковае захапленне. Разам з Ірынай Вашкевіч яны спяваюць ў гурце „Талер”, які дзейнічае на базе лідскага цэнтра рамёстваў. На жаль прыехаць на вернісаж дзяўчыны ня здолелі, бо захварэлі.

Паглядзець выставу могуць усе ахвотныя. Яна будзе дзейнічаць да Калядаў.

Беларускае Радыё Рацыя