Выстава Яны Галушкінай адкрылася ў „Эрмітажы”



Амаль 30 прац лічбавай графікі, жывапісу і ілюстрацый можна пабачыць у выставачнай зале гатэля ’’Эрмітаж’’ у Берасці. Тут адкрылася першая персанальная выстава маладой мастачкі Яны Галушкінай. У экспазіцыі прадстаўлены працы, зробленыя цягам пяці апошніх год. Мастачка адзначыла, што дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу з’яўляюцца новыя віды творчасці:

– Тэхнічны прагрэс даў магчымасць скарыстоўваць такія рэчы як камп’ютар, графічны планшэт і графічныя рэдактары. У асноўным людзі, якіх я адлюстроўваю, – гэта мае знаёмыя, персанажы з любімых кніг. Самы асноўны інструмент, які я выкарыстоўваю, – гэта каларыстыка, то бок інтэнсіўнасць, зыркасць, адценне колеру. Колер – гэта самае галоўнае, што я выкарыстоўваю ў сваіх карцінах.

„У кампутарных выявах немагчыма пабачыць такія рэчы як мазкі пэндзлямі, аб’емнасць, але лічбавая графіка дае магчымасць эксперыментаваць,” – дадала мастачка. Наведаць лічбавую выставу Яны Галушкінай можна цягам месяцу.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце