Выступ Лявона Вольскага ў Гомелі прайшоў пры аншлагу



Акустычны выступ Лявона Вольскага ў Гомелі прайшоў пры поўным аншлагу. Каля трохсот гамельчукоў ледзьве змясціліся ў двары грамадска-палітычнага цэнтра па вуліцы Палескай, 52. Арганізатар канцэрту Лявона Вольскага ў горадзе над Сожам Уладзімір Кацора заўважае, што вельмі ўсцешаны вялікай колькасцю патрыятычнай моладзі на мерапрыемстве.

— Было б сорамна запрасіць Вольскага і было б 40 чалавек. Таму мы арыентаваліся на гэты летні амфітэатр, мы хацелі, каб было не менш за 200 чалавек, а сёння мы маем каля 300. Гэта вельмі прыемна. Тым больш мы бачым, што гэтая публіка ўдзячная. Можа не ўсе беларускамоўныя, але гэта шчырыя беларусы.

Рок-спявак Лявон Вольскі не быў у Гомелі з 2008 года.

— А хто мяне пускае ў Гомель і наогул паўсюль у Беларусі? Там, дзе ёсць такія незалежныя пляцоўкі, я буду ездзіць безумоўна. Можна прыехаць не аднаму, а яшчэ і з Паўлам Аракелянам ці з нейкім акустычным складам. А тут можна граць нават з электрычным складам у прынцыпе. Мы будзем працаваць у гэтым накірунку.

Канцэрт Лявона Вольскага быў прымеркаваны да завяршэння выбарчай кампаніі дэмакратычнымі актывістамі Гомеля, а таксама да прамінулага Дня беларускай вайсковай справы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель