«Яго жыццё — тэатр»



«Яго жыццё — тэатр» — выстава, прымеркаваная да 155-годдзя з дня нараджэння Ігната Буйніцкага адкрылася ў Глыбоцкім этнагарафічным музеі.

Ігнат Буйніцкі нарадзіўся на Глыбоччыне ў вёсцы Палівачы, ён з’яўляецца заснавальнікам першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра.

На выставе прадстаўлены фотаматэрыялы пра жыццё і творчасць тэатральнага дзеяча і яго трупы, а таксама музычныя інструменты, якімі карысталіся артысты.

Па словах навуковага супрацоўніка Глыбоцкага этнаграфічнага музея Ўладзіміра Мірончыка, асноўныя інструменты, якія выкарыстоўвалі музыкі, былі цымбалы, скрыпка і дуда.

— Прадстаўлены музычныя інструменты і ідзе пра іх расповед: пра гісторыю стварэння, нейкія цікавыя факты. Таксама і падабралі гучанне гэтых інструментаў так, што наведвальнікі выставы могуць пачуць як гучала напрыклад акарына, ці як гучыць мандаліна, акардыён, скрыпка, гармонік і гэтак далей.

Падчас мерапрыемства глыбоцкі паэт Алесь Жыгуноў прачытаў свой верш «Рэй Ігната Буйніцкага». Дудар Віталь Воранаў даў невялікі канцэрт  і распавёў пра гісторыю дударскага мастацтва і яго адраджэнне ў Глыбоцкім раёне.

Асноўную частку экспазіцыі выставы склалі музычныя інструменты глыбоцкага, браслаўскага і германавіцкага музеяў. Выстава будзе доўжыцца да 15 кастрычніка.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае