Як быць паэткай у сучаснай Беларусі?



Хто такія сучасныя беларускія аўтаркі? Як яны прыйшлі ў літаратуру і чаму засталіся, пра што пішуць і чаго пазбягаюць, якіх анёлаў і дэманаў у сабе забіваюць ці, наадварот, вырошчваюць?  – такія пытанні былі прапанаваныя для адказу паэткам Валянціне Аксак, Вользе Гапеевай ды Насце Кудасавай падчас літаратурнай дыскусіі пад правакацыйнай назвай “Забіць у сабе анёла, або Як быць паэткай у сучаснай Беларусі”.

dsc_0308

– Ніякая творчасць немагчымая без смеласці і свабоды. Засоўваць сябе ў рамкі, быць для некага анёлам – гэта вельмі перашкаджае любой творчасці, – адзначыла мадэратарка дыскусіі паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева.

Мадэратарка дыскусіі паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева распавяла, што наўмысна абрала такую правакатыўную назву для гэтай сустрэчы.

– Панятак „забіць у сабе анёла” я ўзяла з  эсе Вірджыніі Вульф, напэўна расейскім адпаведнікам гэтага азначэння будзе „фея домашнего очага”. Мы размаўлялі ці трэба нам забіваць гэтага анёла ў сабе. Наста Кудасава, напрыклад, сказала, што ён у яе памірае сам і ёй нават прыходзіцца яго ажыўляць. А Валянціна Аксак прызналася, што нічога са сваім анёлам не рабіла. То бок, нашыя паэткі вельмі розныя. Нездарма ў назве дыскусіі стаіць пытанне : ці заўжды забіваецца анёл? Кожная з паэтак адказала на гэтае пытанне па-свойму.

dsc_0278

Па словах паэткі і лінгвісткі Вольгі Гапеевай,  адна з найскладанейшых праблемаў сучаснай жаночай літаратуры палягае і ў адсутнасці пераемнасці пакаленняў, бо многія жанчыны-творцы не захоўваюцца ў гісторыі.

– Калі паглядзець на школьную праграму, то там вы не знойдзеце такі масіў жанчын-творцаў з якіх вы маглі б выбіраць. Ствараецца ўражанне вельмі часта ў людзей, што калі жанчын у падручніках няма, калі пра іх не кажуць – іх, напэўна і не было. Гэта вельмі шкодная тэндэнцыя, таму што жанчына, прыходзячы ў літаратуру ці ў мастацтва не адчувае за сабой падтрымкі. Яна думае, што ёй даводзіцца прадзірацца праз гэтыя „гушчары” адной і ніхто яе не падтрымае, і такіх не было. Вельмі важна з нашага боку сёння выцягваць на паверхню тое, што было. Гэта пласт для даследчыкаў і даследчыц.

Арганізатары дыскусіі адзначаюць, што са школьных часоў многім вядомы гэты зборны вобраз “паэтэсы” – сентыментальнай ці, наадварот, экзальтаванай паненкі, якая ў вершах толькі і робіць, што скардзіцца на няшчаснае каханне і апявае прыгажосць роднай зямлі і гэта стварае адпаведны вобраз паэткі ад якога часта цяжка адыйсці як літаратуразнаўцам, так і чытачам.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі