Як фіны адрадзілі мову і развілі культуру



Фінляндыя – паўночная краіна Еўропы, якая з Беларуссю знаходзіцца на адным мерыдыяне, але дзякуючы цёпламу цячэнню Гальфстрым і Балтыйскаму мору, геаграфічнае становішча не так моцна адбіваецца на яе клімаце. Колькасць насельніцтва Фінляндыі амаль у два разы меней беларускага, а плошча тэрыторыі  больш як у паўтары разы за Беларусь.

Частка Фінляндыі была акупавана Расейскай імперыяй пасля Паўночнай вайны 1700-21 гадоў, да сярэдзіны стагоддзя далучылі яшчэ частку, а пасля Расейска-Шведскай вайны 1808-1809 гадоў тэрыторыя фінаў стала цалкам часткай Расейскай імперыі, больш чым на 100 гадоў…

Пасля першай сусветнай вайны Фінляндыя дэкляравала незалежнасць. Потым у вайне абараніла яе. У час другой сусветнай ізноў адбараніла незалежнасць у вайне з СССР, але змушана аддала Карэльскі перашыек і частку Карэліі. Насельніцтва зараз мае больш 5 мільёнаў чалавек. Сёння Фінляндыю ведаюць найперш з-за сусветнавядомага брэнда “Nokia”, пабудовы самых вялікіх у свеце пасажырскіх круізных  караблёў. У 70-я гады 20-га стагоддзя тут будавалі судны класа “Беларусь” для СССР.

Allure of the Seas - At sea,  by the coast line of Miami Allure of the Seas - Royal Caribbean International

Пасажырскі круізны карабель за 1,5 млрд. даляраў, які ў 5 разоў большы за “Тытанік”, пабудаваны ў  былой сталіцы Фінляндыі – горадзе Турку.

Мова 

Фінская мова адносіцца да фіна-вугорскай групы уральскай моўнай сям’і. З’яўляецца афіцыйнай мовай Фінляндыі (разам са шведскай) і мовай Еўразвязу.

Найстарэйшыя тэксты па-фінску створаны ў 16-ым стагоддзі. Першая кніга перакладу Новага Запавету выдадзена Мікаэлем Агрыколам у 1548 годзе. Літаратурная мова ўзнікла на аснове заходняга дыялекту ў раёне гораду Турку. Тут, у былой сталіцы ў 1772 г. пачала выдавацца першая ў краіне газета.

Agrykola

Помнік Мікаэлю Агрыколу ў Выбаргу, дзе пахаваны асветнік 

У часы Расейскай імперыі у мову былі моцна прыўнесены усходнія дыялекты. Як і ў Беларусі, фінская шляхта і адукаваныя людзі некалькі стагоддзяў выкарыстоўвалі мову суседзяў. У нас то польскую, то расейскую. У Фінляндыі – шведскую, расейскую. Простыя, менш адукаваныя людзі карысталіся роднай фінскай і змаглі захаваць яе ад знікнення, а ў 1863 годзе фінская мова ў расейскай імперыі стала афіцыйнай мовай Фінляндыі. Знакаміты філосаф, публіцыст і дзяржаўны дзеяч Ёхан Снэльман зрабіў значны ўнёсак у справу прызнання фінскай мовы.

RAUHALA(1921)_p029_J.W._Snellman

Ёхан-Вільхельм Снэльман

Па перапісу 1897 году ў Расейскай імперыі фіны былі самымі пісьменнымі (амаль 100% насельніцтва) сярод усіх народаў Расеі, што і падвысіла самаідэнтыфікацыю народа і яго хуткі шлях да незалежнасці ад імперыі. Другія тады былі эстонцы. Трэція –латышы. У цэлым па імперыі сярэдні паказчык непісьменнасці  быў 70,4%. Расейская імперыя з балканскімі краінамі былі сама непісьменнымі на той час у Еўропе. Людзей з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй у 1913 г. было толькі 190 тысяч чалавек. ВНУ Дэрпта (Тарту) і Пецярбурга мелі высокі ровень, але агульны стан асветы ў імперыі быў вельмі нізкі.

Школы

Сёння Фінляндыя ўваходзіць у тройку краін з самай нізкай карумпаванасцю, а па  дадзеных PISA за 2009 у лідарах па роўню чытання і пераказу, па матэматычна-навуковай адукаванасці. Тут няма элітных спецшкол. Створаны роўныя бесплатныя магчымасці для дзяцей. Харчаванне ў школах таксама бясплатнае. Фінскія школьнікі больш дзесяці гадоў у міжнародных рэйтынгах па розуме і адукаванасці адны з самых лепшых у свеце. Дзеці Фінляндыі яшчэ і сама шчаслівыя і найменш агрэсіўныя ў Еўропе.  У школах няма розных рэвізій ужо 25 гадоў, няма раённых аддзелаў адукацыі,  давер да настаўніка і яго адказнасць за ўласную праграму адукацыі вельмі высокая. Прыярытэты ў адукацыі і спосабы іх дасягнення моцна розняцца ад нашых “саюзных”, там важней сацыялізацыя, чым паказчыкі па агульнадзяржаўных экзаменах, якіх тут таксама няма, бо школы і настаўнікі самы вырашаюць як ацэньваць вучняў і пасля карэктуюць вучэбны план.

Сінгапур і Ганконг шмат у чым сваімі поспехамі ў сістэме адукацыі абавязаны фінам.

Шведы ў Фінляндыі

Кіраўніцтва Фінляндыі з павагай ставіцца  і падтрымвае нацыянальную меншасць – шведаў. Мы ў Беларусі пакуль з’яўляемся большасцю, але не маем таго, што маюць шведы ў Фінляндыі як меншасць.

Там, прыкладам, дзеіць дзяржаўны тэлеканал з вяшчаннем на шведскай мове па ўсёй краіне, дзе шведы складаюць усяго толькі каля 6 працэнтаў. А большасць насельніцтва Беларусі – 5 мільёнаў 58 тысяч чалавек –  у час апошняга перапісу насельніцтва назвалі беларускую мову роднай. З якіх 2 мільёны 227 тысяч чалавек, якія звычайна гавораць па-беларуску дома, не маюць ніводнага дзяржаўнага тэлеканала цалкам па-беларуску. Каналу “Культура” яшчэ шмат трэба зрабіць і перакласці, каб ён назваўся беларускамоўным. Толькі дзякуючы нашым суседзям, ёсць магчымасць невялікай супольнасці  глядзець спадарожнікавы  беларускі тэлеканал “Белсат”. У Фінляндыі 16 універсітэтаў, з іх тры — на шведскай мове, шэсць — двухмоўныя. А ў Беларусі няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ. Таму сітуацыя непараўнальная з нашай.

А цяпер пытанне. Ці мелі б сваю мову, гісторыю, культуру і развітую эканоміку (у сусветнай дзесятцы па ВУП на чалавека) фіны і шведы ў Фінляндыі, калі б у 1917 годзе засталіся ў складзе Расейскай імперыі і СССР?

Адказ відавочны! Сёння, праз 100 гадоў, тысячы расейцаў ездзяць у сваю былую калонію – Фінляндыю (некалі сялянскую Чухонію), каб набыць якасныя і таннейшыя тавары, чым прадаюцца ў Расеі, адпачыць ад сваіх суродзічаў. Шмат хто з іх нават фінскую  мову вывучыў, якую ў імперыі ігнаравалі іх продкі, лічылі адсталай, калгаснай. Павага да сваёй мовы, гісторыі, культуры аб’яднала фінаў, а працаздольнасць людзей і якасць выпускаемай імі прадукцыі, сапраўдная талерантнасць зрабіла фінаў паважаным  народам сярод  блізкіх  і далёкіх краін.

Алесь Крой, Гародня, адмыслова для Беларускага Радыё Рацыя