Як маглі б выглядаць знішчаныя храмы?



Як цяпер маглі б выглядаць знішчаныя ў савецкія часы хрысціянскія помнiкi можна ўбачыць на рэалістычных фотакалажах беларускага архітэктара Аляксандра Невара, які з вялікай дакладнасцю віртуальна аднаўляе святыні і змяшчае іх на сучасных фотаздымках.

12717692_933084826761781_6757450597872467230_n

РР: Што вас натхніла на тое, каб пачаць працу па віртуальнаму аднаўленню храмаў?

Аляксандр Невар: Насамрэч, у кожнага ў жыццi ёсць прызначэнне – гэта тая свая справа, якая даспадобы, i тое, што лепей атрымлiваецца. Творчая самарэалізацыя таксама спрыяе i матывуе да новых выклікаў. Але найперш за ўсё – гэта любоў да Радзiмы i стаўленне да сваёй спадчыны.

РР: Якім чынам вы дабіваецеся такой дакладнасці i колькі часу ў сярэднім займае аднаўленне аднаго аб’екта?

Аляксандр Невар: Дакладнасць – гэта адносiны да вынiку сваёй працы. Тут нiчога тэхнiчна складанага, толькi справа часу дасканала пераканвертаваць у 3D геаметрычныя памеры з чарцяжоў ды iншых выяваў, што захавалiся да нашых дзён. Значна спрашчае задачу наяўнасць якаснай праектнай дакументацыi. Я не зацiснуты нiякiмi тэрмінамi, таму наконт затрачанага працоўнага часу можна адказаць вядомай прымаўкай – „Ці доўга ўмеючы? Умеючы – доўга”. Няма мяжы дасканаласці.

РР: Якім чынам вы абіраеце аб’екты i чаму абіраеце менавiта касцёлы і цэрквы, а не іншыя гістарычныя будынкі?

Аляксандр Невар: Усяму свой час. У сваіх працах я даю магчымасць параўнаць рэчаіснасць з вiртуальна адноўленымi ў сучасным асяроддзi помнiкамi архiтэктуры, i самiм зрабiць высновы – як магло б быць, Калi б мы больш асэнсавана i адказна ставiлiся да сваёй дзейнасцi, вынiкам якой з’яўляецца вынiшчэнне сваёй жа гiстарычнай спадчыны i пераемнасці. Абраныя аб’екты культавага дойлідства з’яўляюцца сімваламі ўсёй страчанай спадчыны.

РР: Колькі храмаў вы ўжо аднавілі i якія помнікі ў планах?

Аляксандр Невар: Графiчныя рэканстукцыi найперш былi зроблены для родных мне куткоў Беларусi – Пiнск, Гародня, Вiцебшчына (Глыбокае, Полацк, Вiцебск, Ворша). Пра творчыя планы звычайна не распявядаюць, каб яны здзейснiлiся. Магу толькi дадаць, што ёсць намер зрабiць нешта падобнае i для іншых рэгiёнаў Беларусi.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з асабістага архіва Аляксандра Невара.