Як вярнуць Гомелю гістарычнае аблічча?



У Гомелі рэканструявалі разбураныя помнікі архітэктуры з дапамогай камп’ютэрных тэхналогіяў. Група гісторыкаў і архітэктараў стварыла 3D-мадэлі знішчаных у савецкі перыяд будынкаў касцёла Унебаўзяцця Панны Марыі і пажарнай каланчы.

liapin_

Марыя Булавінская і Сяргей Ляпін

Паводле ініцыятара праекту „Пошукі старога Гомеля” Марыі Булавінскай, цяперашні стан колішняй Базарнай плошчы не дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць гарадскую прастору:

– Мы прапаноўваем аднавіць такія аб’екты як касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі, які быў пабудаваны ў пачатку 19 ст. Неабходнасць рэканструкцыі гэтага касцёла ўзнікае ў сувязі з тым, што сёння нашая плошча згубіла грамадскія функцыі.

Архітэктар Сяргей Ляпін заўважае, што з тэхнічнага пункту гледжання для рэалізацыі праекту аднаўлення аблічча Базарнай плошчы няма вялікіх складанасцей:

– Тэхнічна ўсё магчыма – падмуркі знаходзяцца пад асфальтам. Справа ў тым, каб захапіць кіраўнікоў горада і ягоных жыхароў старой эстэтыкай. Невырашальных тэхнічных праблем у гэтым праекце няма. Сучасная плошча ўяўляе сабой вялікае асфальтаванае поле.

Удзельнікі праекту „Пошукі старога Гомеля” спадзяюцца, што іх напрацоўкі натхняць гараджанаў на аднаўленне гістарычнага аблічча абласнога цэнтра.

(Фота facebook.com, behance.net)

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель