Якія таямніцы хавае жывапіс Полацкай царквы?



Больш дваццаці гадоў працягваецца рэстаўрацыя жывапісу ў Полацкай царкве Святога Спаса – помніку архітэктуры ХІІ стагоддзя, які знаходзіцца на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

polacak3

За гэты час рэстаўратары адкрылі большую частку фрэскаў інтэр’ера святыні, у якой малілася Святая Еўфрасіння Полацкая.

Як зазначае навуковы кіраўнік рэстаўрацыі Юры Маліноўскі, галоўная адметнасць роспісу храма палягае на тым, што, акрамя кананічных кампазіцый, адкрываецца жывапіс, які прадстаўляе манаскае жыццё таго часу:

– Тут вельмі многа выяваў жаночых асоб. Бо звычайна ў храмах жанчын вельмі мала. А тут, напрыклад, 2 першыя слупы прысвечаны толькі манашкам. Тут ёсць выява двойчы патрона Еўфрасінні Полацкай, Еўфрасінні Александрыйскай.

Нечаканай знаходкай для рэстаўратараў стаў жывапіс ХІІІ стагоддзя, знойдзены ў келлі Святой  Еўфрасінні Полацкай. Сюжэтныя лініі кампазіцыі цесна пераплятаюцца з жыццём Еўфрасінні Александрыйскай.

Яшчэ адным адкрыццём з’яўляецца тое, што амаль усе роспісы храма суправаджаюцца тэкставымі тлумачэннямі і біблейскімі цытатамі.

Падчас рэстаўрацыйных працаў насценнага жывапісу знойдзена больш чатырох тысяч надпісаў на старажытных фрэсках, выкананых ад пачатку дванаццатага стагоддзя да 1832 года — часу, калі фрэскі былі замаляваныя маслянай фарбай.

На думку кандыдата гістарычных навук, спецыяліста па эпіграфіцы Іны Калечыц, графіці Спаса-Праабражэнскай царквы падзяляюцца на дзве вялікія групы: графіці ад пачатку ХІІ ст. — да 1580 г. (час прыходу езуітаў), якія характарызуюцца «царкоўнасцю» тэкстаў, а таскама графіці кірыліцай і лацінкай ад канца XVІ ст., якія пераважна носяць пабытовы характар:

— Надпісы на фрэсках, калі гэта старажытныя надпісы: да сярэдзіны XVI стагоддзя, калі іх пакідалі прыхаджане храма, яны усе знаходзіліся пад выявамі, пад постацямі. А пазней з’явіліся графіці шкаляроў з езуіцкага калегіума, якія яны пакідалі на выявах, на ліках святых, на тварах. Аднак, усё гэта будзе захоўвацца, бо гэта каштоўныя гістарычныя крыніцы.

Як зазначае Іна Калечыц, графічныя надпісы не абмяжоўваюцца тэкставымі варыянтамі. На сценах царквы Святога Спаса сустракаюцца і малюнкі, выкананыя наведвальнікамі храма ў розныя часы, як, прыкладам, выявы жывёлаў. На думку навукоўцаў, графіці полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы дэманструюць вялікі комплекс крыніц па самых разнастайных праблемах, такіх як: рэлігія, палітыка і культура.

Беларускае Радыё Рацыя, Полацак