Ялта Максіма Багдановіча



Пасля анексіі Крыму для культурнага падарожніка сталі недаступнымі мясціны на паўвыспе, звязаныя з жыццём і смерцю Максіма Багдановіча.

Ялта – куротны горад на паўднёвым узбярэжжы Крыма, месца смерці і пахавання Максіма Багдановіча.

Фотаздымкі старых рёнаў Ялты з забудовай канца19-пачатку 20-га стагоддзя, зробленыя ў снежні 2010 года – да анексіі Крыму.  

У 1917 годзе ў люты-траўні – адбываецца апошняе падарожжа Максіма Багдановіча ў Крым. Ялта, дом №8 па вул.Мікалаеўскай.

Адам Багдановіч, бацька паэта, так распавядаў пра апошняе жытло паэта:

– Пакой быў даволі вялікі, светлы, меў выгляд на мора, на другім паверсе, з асобнай лесвіцай і абсалютна ізаляваны: хоць крычы, хоць грукачы – ніхто не пачуе (гаспадыня жыла ўнізе) і не дапаможа. Найлепшае месца, каб паміраць у адзіноце.

У апошнія дні Максім Багдановіч пераглядаў вершы са зборніка “Вянок”, працаваў над новым беларускім лемантаром, які так і не выйшаў. Менавіта ў Ялце напісаны верш, які лічыцца апошнім вершам Максіма Багдановіча “У краіне светлай…”.

Максім Багдановіч памёр ад сухотаў удалечыні ад Радзімы – ў Ялце. З абставінамі смерці і месцам пахавання паэта звязаны таямніцы, як, і з усім нядоўгім жыццём паэта. Пахаваны паэт быў паводле праваслаўнага абраду з удзелам святара i псаломшчыка – пра гэта сведчыць знойдзеная ў 1990 годзе супрацоўнiцай ялцiнскага гiсторыка-лiтаратурнага музея З.Лiвiцкай метрычная кнiга сабора Аляксандра Неўскага з запiсам пра смерць Максiма Багдановiча (муляж кнігі да рамонту і нічэння экспазіццыі быў выстаўлены ў пятай зале Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Менску).

У “Матэрыялах да бiяграфii Максiма” (1923 г.) бацька паэта, Адам Багдановіч, пiсаў так: –

– Памёр ён 25(12) мая 1917 года, але я паведамленне пра гэта атрымаў на 4-ы дзень пасля яго смерцi. Ён не даў гаспадынi майго адрасу, не жадаючы мяне трывожыць. Пасля яго смерцi яна знайшла мой яраслаўскi адрас i тэлеграфавала па гэтым адрасе, а пакуль прыйшла тэлеграма з Яраслаўля (бацька паэта знаходзiўся ў службовай камандзiроўцы ў Сiмферопалi аўт.), быў ужо чацвёрты дзень. Я адразу на аўтамабiлi накiраваўся ў Ялту. Але ён быў ужо пахаваны. Пахавалi яго на Ялцiнскiх могiлках, што недалёка ад Мiкалаеўскай вулiцы ў накiрунку гор, на самым ускрайку могiлак ля дарогi з супрацьлеглага мору боку, г.зн. з боку гор. У галаве пастаўлены белы крыж з надпiсам на бляшанай таблiчцы яго iмя (студэнт Максiм Адамавiч Багдановiч) i калi ён памёр. У дзвюх сажанях па прамой лiнii ад галавы пахаваны студэнт Карысан. Паведамляю, як некаторую прыкмету.

Але ў той жа час бацька паэта адзначаў: “Месца абрана надзвычай няўдала: лiўнi i патокi з крутога схiлу лёгка маглi размыць магiлу. Я наняў вартаўнiка, каб магiлу ўмацаваць i ўпарадкаваць, пакiнуў грошы гаспадынi, каб пасадзiць кiпарысы i куст ружаў, прасiў сачыць за гэтым двух знаёмых, у тым лiку i дачку майго саслужыўцы, асабiстую знаёмую Максiма, але цi зроблена гэта – не ведаю. Праз некалькi дзён я паехаў з Крыму. Двойчы я пiсаў з Яраслаўля знаёмым, але не атрымаў адказу: вядома, як дзейнiчала ў гэты час пошта, ды i людзям было не да чужых магiл”.

Пэўны час магiлай Максiма Багдановiча нiхто асаблiва не цiкавiўся. А ў 1924 годзе Iнбелкульт накiраваў у Ялту трох маладых паэтаў: Уладзiмiра Дубоўку, Анатоля Ажгiрэя i Андрэя Александровiча, якiя мусiлi адшукаць магiлу Багдановiча, каб да 10-ых угодкаў смерцi ўстанавiць на ёй помнiк. Працэс пошукаў апiсаны Дубоўкам у артыкуле “На Багдановiчавай магiле” (часопiс “Узвышша”, № 2, 1927).

Паводле ўспамiнаў Уладзiмiра Дубоўкi, на гарадскiя ялцiнскiя могiлкi яны трапiлi 18 жнiўня 1924 года: “Зацiкавiлi вартаўнiковых сыноў, якiя ўзялiся дапамагаць шуканню. Прыйшлi на другi дзень, 19 жнiўня. Хлапчукi прынеслi нам таблiчку з жалобным надпiсам, але крыжа няма… Аказалася, хлапчукi адрывалi таблiчкi ад крыжоў i коўзалiся на iх з каменнай гары, па адхону гары. Цi варта вiнавацiць iх? Гэта было адзiнай забавай iх. Не пакрыўдзiўся б на iх i нябожчык, якi меў такое замiлаванне да маладога жыцця.

Знаходзiм магiлу, пра якую казаў Я.Дыла (верагодна, магiла студэнта Карысана – аўт.). Але навокал яе таксама магiлы з паламанымi крыжамi. Урэшце, падабраўшы з зямлi планку, праверыўшы самыя дробныя дэталi, спынiлiся ля шуканага. У правiльнасцi не магло быць нiякага сумлiву.

У тым жа часе далi тэлеграму ў Менск, каб прыслалi грошы на пастаноўку помнiка. Гэты помнiк стаўляў ужо Цiшка Гартны паводле свайго праекту, бо мы павiнны былi ехаць дахаты. Перад ад’ездам сфатаграфавалi магiлу, каб пасля не прыйшлося шукаць нанова. Таблiчка ад магiлы з жалобным надпiсам i негатывы фатаграфii перададзены намi Iнстытуту Беларускай культуры”.

20-ыя гады мінулага стагоддзя былi эпохай атэiзму, таму стары крыж на ялцiнскай магiле быў знiшчаны, а на ягоным месцы з’явiўся помнiк з шэра-брунатнага вапняку з чырвонай зоркай, які i стаяў да 2003 года.

А ў 2003 годзе на магіле паэта быў устаноўлены помнік скульптараў – бацькі і сына Льва і Сяргея Гумілеўскіх.

Да таго, як экспазіцыя музея Максіма Багдановча ў Менску была знішчанаz, пра Ялту распавядае пятая – апошняя зала музею Максіма Багдановіча ў Мінску, экспазіцыя гэтай залы мае назву “Няздзейсненыя задумы і смерць”. У гэтай зале быў гадзіннік паэта, які адлічыў апошнія хвіліны яго жыцця. Ліст Адама Багдановіча да сына Льва, дзе ён паведамляе пра смерць Максіма і муляж царкоўнай кнігі ялцінскай царквы Аляксандра Неўскага з запісам пра смерць Максіма Багдановіча.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя

Паводле:

Богданович А.Материалы к биографии Максима Адамовича Богдановича. Шлях паэта: зборнік успамінаў. Мн., 1975

Уладзімір Дубоўка. На Багдановiчавай магiле. часопiс “Узвышша”, № 2, 1927.

Шлях паэта: зборнік успамінаў. Мн., 1975

Качаткова П. “Свечка свеціць, свечка ззяе, свечка дагарае… “ Крымскія Дні Максіма Багдановіча. Літаратурна-публіцыстычныя артыкулы пра Максіма Багдановіча. Я хацеў бы спаткацца з Вамі. Мн., 2009

Паліна Качаткова. Цені. Экскурс, напісаны былой музейнай супрацоўніцай. Дзеяслоў 11. 2003