Ян Маўзер. Сейбітам ветру (прэм’ера!)



Праект Яна Маўзэра „Мама” прэзентуе на Tuzin.fm новы трэк – „Сеяць вецер”. Аўтарскі пасыл з нагоды прэм’еры.

Калі надыходзіць старасць? У 60, 70? Ці тады, калі знікаюць сілы для барацьбы?

Бачу зараз брата майго беларуса, які крывіцца і саркастычна ўсміхаецца, дастае з бліжэйшай палічкі мозгу слова „змагар”. Добрае слова, моцнае, ім так прыемна троліць. Глупыя-глупыя смешныя агідныя змагары. Гэтым словам зручна апраўдваць уласную ляноту, пасіўнасць, баязлівасць. А таксама ўласнае нешырокае кола інтарэсаў, якое сканчаецца на „клюб-пабухаць-пая..ацца”. Ці парадыгма „сям’я, кухня, царква” – для тых, хто вырашыў перастаць курамесіць.

„Сядзеў бы лепей дома, глядзеў парнуху”, – даваў мне парады лейтэнант у пастарунку. Такая вось грамадзянская пазіцыя супрацоўніка міліцыі. Такая вось грамадзянская пазіцыя маіх братоў-беларусаў.

Але я не пра іх. Не пра пасыўную разумную большасць. А пра нас. Наіўных змагароў, якія як костка ў горле, як аплявуха старым з маленства прыхільнікам стабільнасці. Прыхільнікам незадавання пытанняў, прыхільнікам „ня лезці, куды не трэба”.

Нас менш, але мы мацнейшыя, мы пасіянарыі. І мы заўсёды перамагаем, інакш бы Зямля дагэтуль была ў стабільным каменным веку.