Юбілейная вечарына Міхася Скоблы



У Менскім літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася вечарына, прысвечаная 50-годдзю беларускага паэта, журналіста, эсэіста, даследчыка літаратуры Міхася Скоблы. Падчас сустрэчы былі прэзентаваныя дзве яго новыя кнігі. Гэта зборнік вершаў „Камізэлька для месяца”, які пабачыў свет у бібліятэчцы часопіса „Дзеяслоў”, і кніга прозы і эсэ „Саркафагі страху”, што выйшла ў серыі „Кнігарня пісьменніка” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Павіншаваць юбіляра прыйшлі і прыехалі яго сваякі, землякі, грамадскія дзеячы і літаратары. Вечарыну вёў сам юбіляр, які даваў слова вядомым асобам не толькі ў коле сяброў Міхася Скоблы, але і ў Беларусі ў цэлым. Сярод выступоўцаў былі літаратары Барыс Пятровіч, Антаніна Хатэнка, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Чыгрын, Хрысціна Лялько, Валянцін Дубатоўка, Аксана Спрынчан і многія іншыя. Песні спявалі юбіляру і ўсім прысутным Таццяна Грыневіч-Матафонава, Яраш Малішэўскі, Вальжына Цярэшчанка, Юры Несцярэнка. Падчас імпрэзы былі яшчэ падарункі і аўтографы на кнігах.

Па словах Міхася Скоблы, уся гэта вечарына прысвячалася светлай памяці вялікіх людзей Беларусі: Ларысы Геніюш, Зоські Верас і Мікалая Улашчыка.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара