Юры Маліноўскі: Рэстаўрацыя фрэсак у Спаскай царкве яшчэ не завершана



Ніколі яшчэ рэстаўратары і археолагі не зрабілі столькі адкрыццяў, працуючы на Спаса-Еўфрасінняўскай царкве ў Полацку, як за апошнія два гады. Аказалася, што ўсе ранейшыя макеты адноўленага выгляду царквы не дакладныя. Археолагі знайшлі падмуркі бочных галерэй, якія з двух бакоў прымыкалі да царквы. “А праца рэстаўратаў фрэсак, відаць, падоўжыцца,” – кажа рэстаўратар Юры Маліноўскі.

– У нас яшчэ ёсць роспісы вонкавыя. Аднак гэта раней мы лічылі іх вонкавымі, а аказалася, што гэта вонкавыя для цяперашняга выгляду храма. Як высветлілася, першапачаткова храм меў бочныя галерэі, і як раз у той частцы, дзе былі гэтыя галерэі, быў роспіс – ўнутраны інтэр’ерны роспіс. То часткова ён, відаць, захаваўся. І ёсць такая думка – расчысціць гэты жывапіс.

Таксама плануецца панізіць падлогу ў храме, што дазволіць аднавіць фрэскі на калонах і сценах царквы, якія схаваныя сёння пад падлогай.

dsc04850

dsc04858

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара