Забароненая прэзентацыя кнігі Лявона Карповіча



Даследчык і краязнаўца Лявон Карповіч правёў першую прэзентацыі кнігі “Маё мястэчка Луна-Воля”. Сустрэча адбылася ў родным мястэчку Лунна і сабрала некалькі дзясяткаў аматараў гісторыі з розных куткоў Гарадзеншчыны.

karp4

Пра сустрэчу расказвае Лявон Карповіч:

– Прэзентацыю планавалі правесці або ў клубе, або ў школе, або ў бібліятэцы. Калі мой сябра звярнуўся ў сельсавет па дазвол, каб правесці прэзентацыю кнігі, выконваючая абавязкі старшыні сельсавета сказала, што параіцца з галоўным ідэолагам раёна. Адказ быў – непажадана.

Гісторык Зміцер Люцік:

– Вельмі прыемна тое, што з’яўляюцца кніжкі, прысвечаныя гісторыі мястэчкаў. І вельмі хацелася б, каб пашчасціла не толькі Лунну, але і кожнаму мястэчку, таму што іх у нас даволі шмат. Канешне, Лявон Эдуардавіч вялікі малайчына, таму што ён напісаў грунтоўнае даследаванне.

Язэп Палубятка, Масты:

– Кніга напісана выключна пра жыхароў мястэчка, пра іх лёсы, пра іх пакуты, пра жыццё ў розныя часы. І калі падобная кніга выйдзе ў кожным населеным пункце, то мы ўжо ніколі не забудзем, што яны існавалі на зямлі.

У кнізе – амаль 300 старонак гісторыі мястэчка Лунна  і яна з’яўляецца міні-энцыклапедыяй жыцця ў заходнебеларускім мястэчку. Выданне з’явілася дзякуючы ініцыятыве Гарадзенская бібліятэка ў серыі “Краязнаўцы Беларусі”.

Беларускае Радыё Рацыя, Лунна