Зайграй на піяніна – і атрымай квіток у музей



Дырэкцыя Нацыянальнага гістарычнага музея прапануе кожнаму ахвотнаму зайграць на піяніна і выйграць квіткі на экспазіцыю. У музеі праходзіць музычная акцыя “Вольнае піяніна”. Штодня з 16:00 да 19:00 кожны наведвальнік можа прадэманстраваць свае музычныя здольнасці. “Піяніна стаіць на другім паверсе ў самай вялікай залі з камерным гучаннем,” – гаворыць Яўген Казанцаў, супрацоўнік аддзела камунікацый Гістарычнага музея.

Можна паказаць свае здольнасці, зайграць сваю любімую мелодыю, акрамя “Муркі” і “Сабачага вальсу”. Можна мець любую адукацыю. Галоўнае, умець граць і паказаць сябе. Ад 14-ай да 19-ай гадзіны можна прыйсці, зайграць і атрымаць за гэта на касе квіток.

“Гэта далёка не апошні сюрпрыз, які музей падрыхтаваў у гэтым годзе для наведвальнікаў,” – зазначыў Яўген Казанцаў. Музейны супрацоўнік дадаў, што ў беларусаў выдатныя музычныя традыцыі публічнага выканання, якія варта аднаўляць.

Акцыя “Вольнае піяніна” працягнецца да канца жніўня.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск