Замест старажытнага манастыра – новая званіца



У Воршы праваслаўная царква замест рэканструкцыі старога манастыра Базылянаў, які ўжо шмат гадоў знаходзіцца ў занядбаным стане і нават не закансерваваны вырашыла будаваць новую званіцу ў комплексе Царквы Пакрова Божай Маці, якая знаходзіцца літаральна ў 500 метрах ад манастыра. У горадзе з’явіліся скрыні для збору грошай, ахвяравання на пабудову званіцы.

file_1249

Калі верыць малюнку-праекту будучага аб’екту, званіца царквы стане на тым самым месцы, на якім цяпер знаходзіцца яшчэ адна праваслаўная Свята-Міхайлаўская царква.

file_7985

Тым часам сітуацыя з будынкам Базылянскага манастыра працягвае выклікаць занепакоенасць грамадскасці. Яшчэ 31 ліпеня 2015 год мітрапаліту Менскаму і Слуцкаму Паўлу аршанскімі краязнаўцамі быў накіраваны ліст пра рэстаўрацыю славутага месца, копія ліста была скіраваная мітрапалітам у Віцебскую епархію. А ўжо адтуль адказ краязнаўцам прыйшоў толькі ў новым 2016 годзе, што парушае ўсе законныя тэрміны адказу ўстановаў грамадзянам.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Краязнаўцы звярнуліся ў пракуратуру ў сувязі з такой доўгай рэакцыяй на свой ліст, і ў выніку ў Пракуратуры Цэнтральнага раёна Менска пацвердзілі факт парушэння Праваслаўнай царквой законных тэрмінаў. Звесткі пра парушэнне царквой закона пра звароты грамадзян накіраваныя ў Віцебскую пракуратуру, там і будзе прынятае рашэнне. Шкада, што за папяровай цяганінай, вечным чаканнем адказаў і спрэчак у пракуратурах розных узроўняў, рэстаўрацыя Базылянскага манастыра так і не пачалася. Адзін з найболей гістарычных будынкаў Воршы стаіць у цэнтры горада, па-ранейшаму занядбаны, а слова грамадскасці мала што значыць для кіраўнікоў праваслаўнай царквы.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша