Жаночыя „Бліскавіцы” прэзентавалі ў музеі Максіма Багдановіча



Пакуль ідуць спрэчкі: ці існуюць жаночая і мужчынская літаратуры, Саюз беларускіх пісьменнікаў выдаў анталогію беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду “Бліскавіцы”.

Кнігу прэзентавалі ў сталічным Музеі Максіма Багдановіча.

Гаворыць старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:

– Гэтая кніга ўнікальная тым, што ўпершыню асвечаны так дасканала і дакладна той міжваенны перыяд, і ў ім сабраныя аўтаркі, якія жылі не толькі ва Усходняй Беларусі, але і ў Заходняй Беларусі. Большасць тых паэтак, пра якіх мы мала ведалі, але яны вельмі цікавыя, і мне б хацелася, каб гэтая кніга пайшла па студэнцкіх аўдыторыях, каб стала пачаткам для цікавай працы – і студэнцкай, і можа быць, не толькі студэнцкай.

Падчас стварэння анталогіі складальнікі адкрывалі для сябе і будучых чытачоў забытыя імёны беларускамоўных паэтак міжваеннага часу. Сваіх укладальнікаў чакае анталогія, куды б увайшлі паэткі, якія стваралі ў міжваеннай Беларусі паэзію на польскай, расейскай мовах і на ідыш, што таксама з’яўляліся дзяржаўнымі мовамі ў даваеннай БССР.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя. 

Фота Кацярына Лях