«Журавы і журавіны» – экалагічны фэст на Віцебшчыне



«Журавы і журавіны» – пяты па ліку экалагічны фестываль  прайшоў у Мёрах, што на Віцебшчыне. Ён адбыўся ў звычайным фармаце, але сёлета надвор’е не паспрыяла, таму і журавоў арнітолагі налічылі менш, чым звычайна. Да таго ж беларуская мова са сцэны амаль не гучала, акрамя некалькіх песень у выкананні менскага фольк-гурта «Калі ласка». Ды і людзей было менш, чым летась, адбіваецца пагаршэнне эканамічнага дабрабыту. Пра гэта сведчылі і прадаўцы на свяце. Затое здзіўляла прысутных вялікая колькасць міліцыянтаў.

А сапраўдным куточкам беларушчыны на свяце былі сельскія падвор’і. Кажуць наведвальнікі свята:

— Я мясцовы, мне падвор’і спадабаліся.

— З Віцебска. Класна, цікава, пазнавальна.

— Спадабалася тое, што вазілі паглядзець на журавоў, але мы не змаглі трапіць, бо ў нас не выйшла, мы не паспелі. Аўтобус толькі да чатырох, але нам хацелася б, каб было больш часу. Канцэрт спадабаўся.

— Усё добра, усё спадабалася.

РР: Вы можаце параўнаць, як праходзіла свята летась і сёлета, і якія вашы уражанні?

— Людзей, як заўсёды, атракцыёнаў стала больш, а так нічога і не змянілася.

Падчас свята грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» сумесна з заказнікам «Ельня» ладзіла экскурсіі па назіранні за журавамі. Таксама ўсе ахвотныя маглі падпісаць петыцыю супраць адстрэлу птушак у Ліване, у тым ліку і беларускіх журавоў, якія пралятаюць над гэтай краінай.

Была абраная і «Мёрская журавінка» сярод найпрыгажэйшых і творчых дзяўчат горада. Скончылася свята канцэртам сталічных артыстаў і дыскатэкай.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара