Знойдзены невядомыя раней артыкулы Кандрата Лейкі



У газеце «Харьковские губернские ведомости», якая выдавалася ў Харкаве на рускай мове ў 1838-1915 гадах, слонімскі даследчык беларускай літаратуры і гісторыі Сяргей Чыгрын адшукаў некалькі раней невядомых педагагічных артыкулаў пачынальніка беларускай літаратуры, паэта, празаіка і драматурга Кандрата Лейкі (1860-1921).

IMG_6366

Па словах Сяргея Чыгрына, у 1884 годзе Кандрат Лейка пераехаў з Беларусі ў Харкаўскую вобласць Украіны. Там ён спачатку працаваў настаўнікам у Лініўскім пачатковым народным вучылішчы, а пасля праз год быў пераведзены ў Аснавянскае народнае вучылішча.

lejko

У 1887 годзе ў двухпавярхоўным доме сваякоў украінскага пісьменніка Грыгорыя Квіткі-Аснаўяненкі ў Харкаве адкрылася вучылішча для сляпых дзяцей. Праз пяць гадоў вучылішча пераехала ў новы трохпавярховы корпус на Сумскую вуліцу. Гэты корпус быў пабудаваны на ўзор дрэздэнскай школы для сляпых дзяцей на грошы, што былі сабраныя жыхарамі Харкава, а таксама за кошт мясцовага універсітэта. Начальнікам вучылішча ў новым корпусе быў прызначаны менавіта наш беларус Кандрат Лейка.

З вялікай любоўю Кандрат Лейка ўзяўся за справу выхавання сляпых дзяцей. Ён уважліва вывучай іх псіхалогію, распрацаваў сваю методыку навучання. Для дзяцей, якія не бачылі, праводзіліся экскурсіі ў поле, у лес, ажыццяўляліся паездкі на экскурсіі ў Палтаву і ў Кіеў. Найбольш таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак на свой страх і рызыку ён пачаў навучаць музыцы.

У 1897 годзе вучылішча выпусціла 6 першых вучняў. Але ўсе яны паехалі да сваіх бацькоў і далей вучыцца ніхто з іх не пайшоў, а дома былыя вучні займаліся пляценнем карзін. Усё гэта бачыў іх начальнік і вельмі перажываў. Ён пачынае выношваць новыя планы падрыхтоўкі сваіх выхаванцаў і рыхтуе іх да паступлення ў гімназіі і ва ўніверсітэты. Вучылішча пачынае працаваць па праграме пачатковых класаў гімназіі.

Працуючы ў Харкаўскім вучылішчы для сляпых дзяцей, Кандрат Лейка прайшоў спецыяльныя курсы ў Пецярбургу, а таксама слухаў лекцыі ў Харкаўскім універсітэце.

Пасля Харкаўскага вучылішча для сляпых дзяцей Кандрат Лейка пэўны час працаваў выкладчыкам рускай мовы ў Елісаветградскім камерцыйным вучылішчы, а пасля ў адной з прыватных жаночых гімназій.

У 1911 годзе наш зямляк пераязджае ў горад Валкі Харкаўскай губерні і ўладкоўваецца на працу ў мясцовае павятовае ведамства на пасаду загадчыка навучальнага аддзела. У Валках Кандрат Лейка наладжвае шчыльныя сувязі з Бацькаўшчынай. Ён перапісваецца з беларускімі дзеячамі і літаратарамі Лявонам Дубяйкоўскім, Гальяшом Леўчыкам, Янкам Купалам, з рознымі беларускімі таварыствамі і камітэтамі, а таксама з рэдакцыямі беларускіх газет і часопісаў. Шмат піша і перакладае з украінскай мовы на беларускую. Свае творы дасылае ў Вільню, а з кастрычніка 1911 года друкуецца ў «Нашай ніве». «Аказваецца, Кандрат Лейка шмат друкаваўся і ў мясцовым харкаўскім друку. Шэраг артыкулаў, напісаных у 1889 годзе Кандратам Лейкам, і падпісаных К.Лейко, знойдзеныя ў газеце “Харьковские губернские ведомости”. Яны папоўняць педагагічную і літаратурную спадчыну Кандрата Лейкі. Пошукі на Украіне яго твораў працягваюцца», — сказаў Сяргей Чыгрын.

IMG_6388

IMG_6382

IMG_6386

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя