16-02, 11:02

Рацыянальная думка. Ці застануцца на Беларусі расійскія ваенныя базы

Аўтар: Андрэй ФЁДАРАЎ

- Як вядома, на тэрыторыі нашай краіны знаходзяцца расійскія ваенныя базы. Недзе месяц таму камандуючы Касмічнымі войскамі Расіі Уладзімір Папоўкін паведаміў, што яны збіраюцца адмаўляцца ад усіх станцый, размешчаных за мяжой. Пр што ідзе гаворка і якая прычына такіх намераў?

- Гаворка ідзе пра радыёлакацыйныя станцыі, якія створаны для ранняга папярэджання пра старты замежных балістычных ракет і размешчаны ў Казахстане, Азербайджане, Украіне і Беларусі. Была яшчэ адна – у Латвіі, аднак латышы яе закрылі і знішчылі. У нас гэта “Волга”, што месціцца пад Ганцавічамі. Яна кантралюе значную частку Заходняй Еўропы, у тым ліку тэрыторыі Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі.

Прычынай жа было названа тое, што ўсе яны “залежаць ад волі дзяржаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца”, да таго ж усе РЛС – гэта складаныя энергаёмістыя сістэмы, якія можа вывесці з ладу любая дыверсія. А галоўнае – што Расія нібыта не можа быць да канца ўпэўненая ў дакладнасці іх дадзеных, бо калі, скажам, тут і ў Азербайджане на іх працуюць расійскія грамадзяне, дык ва Украіне за дзве станцыі адказвае Нацыянальнае касмічнае агенцтва гэтай дзяржавы, якому не давяраюць.

- Няўжо Масква вырашыла адмовіцца ад такога ранняга папярэджання? Нешта на іх гэта не вельмі падобна, асабліва апошнім часам…

- Ні ў якім разе. Цяпер яны нібыта зрабілі комплексны праект, каб было замкнёнае поле па тэрыторыі Расіі. Гэта доўгатэрміновая стратэгія, якая пачала рэалізоўвацца ў 2003 годзе. Прыкладна год таму пад Санкт-Пецярбургам была разгорнутая РЛС, якая можа цалкам замяніць станцыю пад Ганцавічамі. Тады яна была пастаўленая на ўмоўна-баявое дзяжурства, а зараз яе можна пераводзіць на рэгулярнае баявое дзяжурства. Калі гэта здарыцца, яна возьме на сябе тую адказнасць, якую сёння пакуль што нясе ”Волга”.

Масква заяўляе, што ў бліжэйшы час збіраецца стварыць яшчэ некалькі такіх станцыяў, і, такім чынам, стаць зусім незалежнай у гэтым плане, нават ад бліжэйшага хаўрусніка.

- Якая ж была рэакцыя на такія намеры з боку беларускага кіраўніцтва?

- На самым высокім узроўні пакуль што ніякіх заяваў менавіта на гэты конт зроблена не было. Аднак шмат хто, напэўна, памятае, што калі ў нашых адносінах з Масквой адбываліся розныя недарэчнасці, напрыклад, у газавай сферы, дык рэгулярна гучалі выказванні накшталт таго, што мы запатрабуем плаціць за ўсё, што да гэтага часу прадастаўлялі расіянам бясплатна, у тым ліку за ваенные базы (у нас жа ёсць яшчэ адна – “Антэй”, якая знаходзіцца пад Вілейкай і забяспечвае сувязь с падводнымі лодкамі ў сусветным акіяне). Зразумела, што разам са станцыяй ў пэўнай ступені знікне і ўзровень залежнасці Расіі ад Беларусі, што наўрад ці падабаецца беларускім уладам.

Таму, верагодна, і абрынуўся на Папоўкіна старшыня камісіі Савета рэспублікі па міжнародных справах Мікалай Чаргінец. На ягоную думку, дадзеныя пытанні вырашаюцца на вышэйшым палітычным узроўні, такім чынам, камандуючы зашмат на сябе бярэ. Асабіста сам беларускі сенатар упэўнены, што адпаведнага рашэння вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Расіі няма.

- А Вы што думаеце на гэты конт? Ці сапраўды Расія гатовая пакінуць ганцавіцкую станцыю?

- З аднаго боку, Расія ў сувязі з абвастрэннем стасункаў з ЗША імкнецца ўсяляк дэманстраваць сваю прысутнасць, асабліва на заходнім накірунку, таму адмаўляцца ад гэтых вайсковых аб’ектаў ёй не вельмі хацелася б. З другога, яна не мае абсалютнай ўпэўненасці ў тым, што згаданыя выказванні не будуць працягвацца, і што раней ці пазней нашыя ўлады не перайдуць ад словаў да справы.

А паколькі Масква на самой справе лічыць наяўнасць такіх аб’ектаў выключна важнай, яна, хутчэй за ўсё, не захоча рызыкаваць і выведзе станцыю адсюль. Гэта было б выдатна. Але замест можна чакаць з’яўлення тут, напрыклад, нейкіх авіяцыйных базаў, пра што ўжо вяліся размовы.

Па словах прэс-сакратара беларускага Міністэрства абароны Вячаслава Раменьчыка, аб’екты, якія знаходзяцца ў Беларусі – гэта расійскія аб’екты, і, адпаведна, сфера кампетэнцыі Міністэрства абароны Расіі. Але, як ён заявіў, “мы працуем з Расіяй на ўзаемавыгадных умовах, на парытэтных пачатках. Таму гэта выгадна Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі, у тым ліку і ў вайсковым супрацоўніцтве”.

Не ведаю, за ўсю гісторыю прысутнасць расійскіх войскаў ніколі не ўратоўвала Беларусь ад знешняга ўзброенага ўмяшальніцтва. Тым болей яны непатрэбныя нам зараз, калі ніхто на Беларусь нападаць не збіраецца.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя