20-02, 11:10

Каляндар. 20 лютага

Аўтар: Сяргей БУДКІН

* У 1918 годзе 20 лютага атрады Вялікай беларускай рады і корпус Доўбар-Мусніцкага ўзялі пад свой кантроль Мінск. Камендант горада Канстанцін Езавітаў увёў у Мінску ваеннае становішча. 

* А праз год, 20 лютага ў 1919 годзе, пачаў сваю дзейнасць Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале з Савацьевым. Гэта быў найвышэйшы надзвычайны орган Савецкай улады на тэрыторыі Мінскай губерніі ў наступныя два гады.

* А ў 1925 годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адбыўся першы выпуск спецыялістаў. Выпусцілі 55 эканамістаў і юрыстаў.

* У 1938 годзе пастановай прэзідыума Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР былі скасаваныя Лепельскі, Мазырскі, Полацкі і Слуцкія раёны.

* 1943 год. 20 лютага карнікі спалілі жыўцом 30 жыхароў вёскі Росіца Браслаўскага раёна. Ксяндзы Юры Кашыра і Антоні Ляшкевіч не пакінулі вернікаў і прынялі разам са сваімі парафіянамі пакутніцкую смерць.

* У гэты дзень нарадзіўся Валерый Мазынскі. Заснавальнік “Вольнай сцэны” прыйшоў на свет у 1947 годзе. Сваю кар’еру тэатральнага рэжысёра ён пачаў у тэатры імя Коласа ў Віцебска, на яго прэм’ерах п’есаў “Кастусь Каліноўскі” і “Званы Віцебску” прысутнічаў Уладзімір Караткевіч. У 90-х Мазынскі пераехаў у Мінск, стварыў свой тэатр і ставіў спектаклі ў Купалаўскім тэатры. Але потым улады тэатр закрылі, цяпер Мазынскі вымушаны падрабляць кур’ерам.

* У гэты дзень памёр славуты беларускі астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі. Гэта здарылася 20 лютага 1810 году. Менавіта Пачобут-Адляніцкі арганізаваў і ўзначаліў Віленскую астранамічную абсерваторыю, быў прафесарам Віленскай акадэміі, рэктарам галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага.

* Таксама ў гэты дзень 20 лютага 1963 году памёр кампазітар Канстанцін Галкоўскі. Яго лёс быў звязаны з Вільняй. Тут ён нарадзіўся, выкладаў у Віленскай кансерваторыі і пражыў усё жыццё. Ён пісаў музыку на вершы беларускіх паэтаў, ён аўтар шматлікіх рамансаў і хораў на вершы Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Змітрака Бядулі, Канстанцыі Буйло. Цікава, што Галкоўскі быў прызнаны народным артыстам Літоўскай ССР.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя