Адышоў Браніслаў Герэмэк
— Польшча павінна мець як найлепшыя стасункі з Беларуссю, але, на жаль, замінае гэтаму палітычная сітуацыя ў Беларусі, парушэнне правоў чалавека. Мы павінны развіваць цяпер гаспадарчыя, культурныя і навуковыя адносіны ды пачакаць добрай атмасферы для развіцця палітычных стасункаў. Цяперашнія палітычныя стасункі гэта мінімум кантактаў. Польшча з’яўляецца прававой дзяржавай, якая шануе правы чалавека, і патрабуе гэтага ад сваіх суседзяў, — так гаварыў... Ну вось, ці адгадалі вы хто і калі выказаў гэтыя ўсё актуальныя словы? Прафесар Браніслаў Герэмэк у жніўні 2001 г. у размове з Міхасём Андрасюком у эфіры Радыё Рацыя. Словы прафесара ўсё сутыкаюцца з рэальнасцю і польска-беларускімі сувязямі. На жаль, прафесара ўжо няма між намі. Аж хочацца сказаць, што загінуў ён без толку, у дарожнай аварыі.
У сувязі з гэтай трагедыяй, агромнай стратай для польскай і міжнароднай палітычнай эліты, я зноўку пераглянуў ягоныя выказванні, вярнуўся да ягоных думак, якімі дзяліўся ён з іншымі на шматлікіх айчынных і замежных форумах, між іншым на гэтым апошнім — у Еўрапарламенце, і не толькі на гэтых афіцыйных у якасці міністра замежных спраў. Вядома, найбольш цікавілі мяне ягоныя развагі аб Беларусі і польска-беларускіх стасунках. У размове з Міхасём Андрасюком прафесар, выдатны гісторык, гаварыў:
— Гэта балючая справа, што Беларусь страціла шмат часу. Я спаглядаў на Беларусь з надзеяй на пачатку дзевяностых. Але здарылася іначай. І шкада, што так атрымалася. Якраз беларуская меншасць у Польшчы можа шмат зрабіць для Беларусі і Еўропы.
Калі прыгадалася мне гэтае выказванне, прыпомніліся таксама словы Тадэвуша Канвіцкага — легенды польскай літаратуры і фільма, чалавека Вялікага княства Літоўскага, якія прагучалі ў інтэрв’ю для „Нівы”:
— У мяне ёсць крыху жалю да беларусаў Польшчы. Даходзіць да мяне водгалас сварак на Беласточчыне. Адначасова мяркую, што замала ўвагі звяртаюць яны на тое, што адбываецца ў самой Беларусі. На маю думку, польскія беларусы павінны адчуваць сваю адказнасць за тое, што там адбываецца, больш клапаціцца і пераймацца іхнім лёсам.
Вернемся, аднак, да разваг, якія пакінуў па сабе Браніслаў Герэмэк. Прывяду тут некалькі з іх, якія, мабыць, будуць актуальныя доўгі час, а некаторыя можа заўжды:
— Рацыя Польшчы павінна быць накіравана на Беларусь, Літву і Украіну. Не толькі па гістарычных прычынах, але таму, што ў гісторыі гэтых народаў іх спалучала ўсё (...). Там, дзе грамадскасць хоча паставіць помнік, павінна мець на гэта права і такія дзеянні маюць служыць паляпшэнню польска-беларускіх стасункаў. Праўда не нараджае канфліктаў, праўда іх вырашае.
— Там [у Кітаі, Бірме, а не ў Беларусі — М. Х.] улады адчуваюць, што могуць утрымацца, прымяняючы сродкі насілля.
— Важна, каб з польскага боку была яснасць прынцыпаў і першым прынцыпам павінна быць адбудаванне месца для Беларусі ў Еўропе.
— Я хацеў бы, каб еўрапейская і польская палітыка мелі такі прынцып, што ёсць месца — свабоднае, адкрытае і чакаючае — для Беларусі ўва ўсіх працэсах еўрапейскай інтэграцыі і толькі ад яе будзе залежаць, калі гэтае месца будзе занятым.
Чытаючы ў апошні час польска-шведскую прапанову ўсходняга партнёрства Еўрасаюза, думаю, што апошняя думка праф. Герэмка павінна стаць яе эпіграфам. Пакуль што тое месца для Беларусі надалей застаецца пустым. Пустое месца засталося таксама пасля Браніслава Герэмка.




