Незалежныя эксперты працягваюць гадаць, пра што ж насамрэч дамовіліся Лукашэнка з Пуціным у снежні ў Мінску ды нядаўна ў Сочы. Ці праліла святло на гэтае пытанне прэс-канферэнцыя расійскага амбасадара Аляксандра Сурыкава, што адбылася ў Мінску 11 лютага?
Пра гэта Рацыя запыталася ў палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага.
— Перад снежаньскай сустрэчай Пуціна ды Лукашэнкі чуліся і такія змрочныя прагнозы, што нас чакае аб'яднальны рэферэндум. Маўляў, Масква вырашыла “даціснуць” беларускае пытанне і фактычна ажыццявіць інкарпарацыю. Зараз відавочна, што самага горшага для беларускай незалежнасці не адбылося. Амбасадар Сурыкаў на прэс-канферэнцыі 11 лютага таксама выказаўся наконт перспектываў Канстытуцыйнага акту дастаткова стрымана.
— Сапраўды, Аляксандр Сурыкаў выказаўся на гэты конт даволі цьмяна. Прычым зрабіў акцэнт на тым, што сама Расія можа займець клопаты, калі наднацыянальныя органы атрымаюць вялікія паўнамоцтвы.
Так што гэтыя інтэграцыйныя гульні — кій з двума канцамі. Болей праўдападобнай, чым фарсаванне палітычнай інкарпарацыі Беларусі, выглядае версія пра тое, што Крэмль робіць стаўку на паўзучую эканамічную экспансію. Я думаю, што для цяперашняй расійскай кіроўнай каманды аншлюс не ёсць самамэтай. Там дамінуе не настальгія па СССР, а прагматычнае мысленне.
Таму акцэнт робіцца на прасоўванне інтарэсаў расійскага капіталу, і, як выглядае на сённяшні дзень, найперш фінансавага. Расійцы пакрысе скупляюць акцыі беларускіх банкаў, страхавых кампаній.
Дарэчы, калі б аб'яднанне планавалася, умоўна кажучы, на заўтра, то, я думаю, Масква болей уважліва паставілася б да праекту пракладкі цераз Беларусь другой ніткі газаправоду Ямал — Еўропа. Як вядома, афіцыйны Мінск вельмі спадзяваўся на эканамічныя выгады ад гэтага праекту. Але Аляксандр Сурыкаў недвухсэнсоўна заявіў, што пра яго мэтазгоднасць Масква паразважае хіба што пасля пабудовы “Паўночнай плыні” (“Норд Стрым”). Калі памятаеце, менавіта гэты намер пракласці трубу па дне Балтыкі Лукашэнка назваў “самым дурным” праектам Расіі.
Сапраўды, праект дарагі і ўжо сустрэў на сваім шляху шэраг цяжкасцяў, але расійскае кіраўніцтва не хоча залежаць ад капрызлівага беларускага партнёра ў пытаннні транзіту энерганосьбітаў.
— Але разам з тым Масква працягвае даваць ільготы беларускай эканоміцы. Чым гэта патлумачыць?
— Днямі першы віцэ-прэм'ер Расіі Сяргей Іваноў на канферэнцыі ў Мюнхене даволі няўклюдна спрабаваў давесці, што цана расійскіх энерганосьбітаў вызначаецца “ўсім вядомай празрыстай рынкавай формулай”. А вось амбасадар Сурыкаў, у сваю чаргу, заявіў, што газ для Беларусі калі і падаражэе з красавіка, то не болей чым на 10%. Як высветлілася на згаданай прэс-канферэнцыі., такі ліміт падвышэння цягам году закладзены ў кантракце. І гэты ліміт лішні раз пацвярджае, што цана — палітычная.
Канешне, цяжка паверыць, што Крэмль злітаваўся над бедным партнёрам па “братняй інтэграцыі” ды вырашыў заняцца філантропіяй. Аналітыкі будуюць розныя версіі наконт закулісных абяцанняў беларускага боку. Напрыклад, выказваюцца меркаванні, што Мінск можа разлічыцца акцыямі прывабных для расійскага капіталу прадпрыемстваў.
Ва ўсякім разе, з выказванняў Сурыкава можна зрабіць выснову, што Масква надта хоча атрымаць замову на АЭС ды даціснуць нарэшце пагадненне пра аб'яднаную сістэму супрацьпаветранай абароны (беларускі бок, нагадаю, у свой час замарозіў гэтае пытанне на тле нафтагазавых канфліктаў).
— Дарэчы, са слоў амбасадара, і пад будаўніцтва АЭС Расія гатовая даць адмысловы крэдыт.
— І тут філантропію шукаць не варта. Па-першае, усё робіцца дзеля таго, каб выгадны падрад на будоўлю атрымала расійская кампанія “Атамбудэкспарт”.
Па-другое, усё выразней вымалёўваецца перспектыва фінансавай пятлі для Беларусі.
Як вы ведаеце, наш урад ужо атрымаў крэдыт на паўтара мільярды долараў, зараз Масква сама абяцае яшчэ адзін — на два мільярды. Плюс і пад будаўніцтва АЭС, як вынікае са слоў Сурыкава, Расія сапраўды гатовая пазычыць грошыкі...
А любы крэдыт рана ці позна трэба аддаваць з працэнтамі. Між тым замежная запазычанасць Беларусі расце хуткімі тэмпамі. Праз некалькі гадоў замежны доўг можа стаць непадымальным. Вось тады, як кажуць маскоўскія эксперты, Крэмль можа канверсаваць фінансавы чыннік у палітычны. Так што небяспека беларускай незалежнасці застаецца.




