04-03, 19:02

Леанід Заіка: Адмена “залатой акцыі” для інвестараў нічога не змяняе

У аўторак Аляксандр Лукашэнка сваім указам адмяніў выключнае права дзяржавы на ўдзел у кіраванні гаспадарчымі таварыствамі. Як паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, гэта павінна садзейнічаць стварэнню спрыяльных умоў для прыцягнення прамых замежных інвестыцый у рэальны сектар эканомікі Беларусі і дасягненню ў 2008 годзе прагнозных параметраў эканамічнага росту, а таксама павышэнню рэйтынгу Беларусі на міжнародным узроўні і абароне правоў інвестараў на рынку каштоўных папер.

Права “залатой акцыі” было ўведзена ў 1997 годдзе. Але затым яшчэ некалькі разоў удакладнялася і пашыралася ўказамі прэзідэнта. За час існавання гэтага права ўрад выкарыстоўваў “залатую акцыю” не вельмі часта. І толькі ў выключных выпадках. Можна прыгадаць адкрытае акцыянернае таварыства "Белсолад", “Камволь",“Рыбакомплекс”, фабрыку “Алеся”, дзе на момант увядзення “залатой акцыі” склалася вельмі небяспечная эканамічная сітуацыя.

Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, увядзенне “залатой акцыі” было разумным крокам дзяржавы, каб трымаць кантроль над маёмасцю і не дапусціць крымінальнай прыватызацыі па расійскаму сцэнару:

- Права “залатой акцыі” было патрэбнае для таго, каб мець страхоўку ўздзеяння на расійскіх алігархаў на той выпадак, калі б яны паспрабавалі захапіць нашу ўласнасць – беларускія буйныя прадпрыемствы. Тады ўлада Лукашэнкі не была такой моцнай, як зараз. Але цяпер сітуацыя зусім іншая – улада прэзідэнта абсалютная.

Як мяркуе эксперт, “залатая акцыя” ўвогуле сур’ёзнага ўплыву на развіццё эканомікі краіны ніколі не аказвала, і яе занадта “дэманізавалі”:

- “Залатая акцыя” не мае ніякіх адносінаў да чыста прыватных прадпрыемстваў, там, дзе няма дзяржаўнай уласнасці. Калі ў вас прыватнае прадпрыемства – Кока-кола ці Макдональдс, якая тут можа быць “залатая акцыя. Працуйце і не хвалюйцеся. То бок для сапраўднага буйного прыватнага бізнесу яна ніколі не ў’яўляла ніякай пагрозы.

А прынятае сёння рашэнне Леанід Заіка лічыць больш палітычным, чым эканамічным:

- Гэта даволі разумны крок, улічваючы стаўленне Захаду да апошніх выбараў у Расіі, калі, па сутнасці, новы прэзідэнт быў прызначаны камандай Пуціна. Зараз Расія выглядае незразумелым недэмакратычным дзяржаўным утварэннем. На гэтым фоне Аляксандр Рыгоравіч зрабіў такі высакародны ўчынак – адмяніў “залатую акцыю”, якая насамрэч ніякага ўплыву на інвестыцыйны працэс не аказвае.

Эканаміст Міхась Залескі ў інтэрв’ю Рацыі адзначыў, што казаць пра нейкую эканамічную лібералізацыю ў Беларусі заўчасна, таму што “адна ластаўка – гэта яшчэ не ёсць вясна”:

- “Залатая акцыя” ў той форме, як яна ў нас выкарыстоўвалася, безумоўна, была моцнай дубінкай для інвестараў. І яны яе пабойваліся. Але трэба глядзець не толькі на адно рашэнне, а на інвестыцыйнае заканадаўства ўвогуле. Я магу сказаць, што гэта ёсць пачаткам лібералізацыі толькі пасля таго, як мы пабачым, як будзе выкарыстоўвацца новае заканадаўства на практыцы. Справа ў тым, што ёсць цэлы комплекс мер. Калі мы да адмены “залатой акцыі” дададзім і пэўныя гарантыі для інвестараў – на вываз капіталу, на ўдзел у рэальных бізнесах. То бок яны будуць вырабляць і прадаваць не тое, што ім не патрэбна, а тое што патрэбна ўсім, то вось тут справы пойдуць ужо зусім па-іншаму.

Кастусь ВАНСЯЦКІ

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя