У Беларусі ўзмацняецца барацьба з нелегальным абаротам нафтавага вадкага паліва, паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта. Адпаведныя меры ўстаноўлены яго дэкрэтам №4 ад 18 сакавіка, якім унесены дапаўненні і змяненні ў дэкрэт ад 12 ліпеня 2005 г. №9 "Аб дадатковых мерах па барацьбе з незаконным абарачэннем нафтавага вадкага паліва ў Рэспубліцы Беларусь".
Дакумент накіраваны таксама на забеспячэнне празрыстасці аперацый з нафтапрадуктамі, якія праводзяцца суб'ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці, і стварэнне больш спрыяльных умоў для ўвозу ў рэспубліку нафтавага вадкага паліва чыгуначным і трубаправодным транспартам.
Паводле БЕЛТА, дакументам устанаўліваецца абавязак унясення грашовых сродкаў у рэспубліканскі бюджэт у якасці ўмовы для ўвозу аўтатранспартам нафтавага вадкага паліва на тэрыторыю рэспублікі і выключэнне такога абавязку пры ўвозе паліва чыгуначным і трубаправодным транспартам.
Разлікі пры аптовым гандлі нафтавым вадкім палівам на падставе двухбаковых дагавораў будуць ажыццяўляцца толькі праз рахункі ўдзельнікаў здзелак. Выключэнне складуць здзелкі, пры якіх за пастаўленае паліва разлікі будуць праводзіцца з рахункаў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, якія прадаставілі грашовыя сродкі ў якасці крэдыту, а таксама з рахункаў органаў дзяржаўнага казначэйства.
Забараняюцца здзелкі ўступкі патрабавання, пераводу доўгу, мены, здзелкі, якія прадугледжваюць аплату паліва праз выдачу або перадачу каштоўнай паперы, адступнога, спынення абавязацельстваў залікам і навацыяй, перадачы маёмасных правоў, а таксама здзелкі, якія прадугледжваюць выкананне на карысць адчужаючага паліва боку работ, аказанне яму паслуг.
Такія патрабаванні не будуць распаўсюджвацца на разлікі за нафтавае вадкае паліва, пры якіх хоць бы адным бокам здзелкі з'яўляецца сельскагаспадарчая арганізацыя або юрыдычная асоба, да якой у выніку рэарганізацыі, набыцця (бязвыплатнай перадачы) прадпрыемства як маёмаснага комплексу перайшлі правы і абавязкі стратных сельскагаспадарчых арганізацый, і гэтыя арганізацыя або асоба набываюць паліва для ўласнага спажывання.
Дэкрэт уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем яго асобных пунктаў, і з'яўляецца часовым і прадстаўляецца на разгляд парламента.




