22-03, 10:37

Рыэлтары будуць працаваць па-новаму

Савет міністраў Беларусі зацвердзіў тарыфы на рыэлтарскія паслугі. Такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове ўрада № 386 ад 14 сакавіка 2008 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. 

Тарыф на паслугі па садзеянні пры заключэнні, выкананні, спыненні дагавораў куплі-продажу аб'ектаў нерухомасці ўстаноўлены ў залежнасці ад кошту аб'екта нерухомасці ад 1% да 3%. Так 1% — стаўка пры куплі-продажы аб'екта коштам звыш 200 тыс. еўра, 3% — да 50 тыс. еўра.

Кансультацыйныя паслугі каштуюць тры базавыя велічыні. Падбор варыянтаў здзелкі з аб'ектамі нерухомасці: кватэра — 45 , жылы дом — 60, зямельны ўчастак — 40, лецішча — 45, гараж — 20, нежылы аб'ект — 95. Падбор варыянта арэнды аб'ектаў жылога фонду для фізічных асоб — пяць, для юрыдычных асоб — 20, нежылых памяшканняў — 25.

Акрамя таго, устаноўлены стаўкі за паслугі па арганізацыі і правядзенні ўзгаднення ўмоў здзелкі, дапамога ў падрыхтоўцы і афармленні дакументаў і інш.
Дакументам таксама зацверджана палажэнне аб парадку аплаты рыэлтарскіх паслуг. Згодна з ім павінен быць заключаны дагавор аб аказанні паслуг.

Пастанова ўваходзіць у сілу 1 красавіка 2008 года. Гэты дакумент распрацаваны ў мэтах выканання ўказа прэзідэнта № 140 ад 28 лютага 2008 года. Ён абавязвае рыэлтарскія арганізацыі азнаямляць спажыўца з парадкам аплаты рыэлтарскіх паслуг, з цэнамі (тарыфамі) на гэтыя паслугі. Прадугледжана таксама павелічэнне мінімальнай колькасці атэставаных Міністэрствам юстыцыі рыэлтараў (з трох да пяці), якая неабходна для атрымання рыэлтарскай арганізацыяй ліцэнзіі на аказанне паслуг. Забараняецца работа спецыялістаў па рыэлтарскай дзейнасці (рыэлтараў і агентаў) на аснове грамадзянска-прававых дагавораў і працоўных дагавораў у іншых рыэлтарскіх арганізацыях. //БелаПАН
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя