25-03, 21:17

Скандал вакол МТС

Больш за 600 чалавек з’яўляюцца патэнцыйнымі абвінаваўцамі ў махлярстве сотавай кампаніі МТС, якая правяла рэкламу падарунка “2008 хвілін па 10 рублёў”. Так званы падарунак па нечувана нізкім тарыфе - 10 рублёў за хвіліну - насамрэч аказаўся платнай паслугай коштам 20 тысяч 80 рублёў. Пра тое, як выявіўся падман, распавёў Рацыі чалавек, які мае да гэтага самае непасрэднае дачыненне. 

Гаворыць Ілля Латышаў:

- Я з’яўляюся абанентам МТС з 2002 года. Там адзін раз падманулі праз паслугу “Жара +50”, другі раз - праз “2008 хвілін”. Калі я заўважыў, што пры гэтай паслузе з балансу сталі знікаць грошы, вырашыў напісаць скаргу.

Ілля Латышаў з’яўляецца супрацоўнікам юрыдычнай групы “Вердыкт Бай”, якая і занялася высвятленнем падманнай акцыі. Пасля скаргі ў Міністэрства гандлю там рэкламу МТС прызналі неадпаведнай і далі кампаніі папярэджанне аб немагчымасці выкарыстання яе ў далейшым. Кіраўніца ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Мінгандлю Ірына Барышнікава патлумачыла:

- Неадпаведная рэклама - тая, што ўтрымлівае ў сабе парушэнні заканадаўства. Рэклама “2008 хвілін” уводзіла ў зман спажыўцоў і таму была прызнаная неэтычнай.

Рэакцыя МТС на заўвагу Мінгандлю, паводле слоў спадарыні Барышнікавай, была наступнай:

- Як толькі мы напісалі МТС ліст пра тое, што да нас паступіла скарга грамадзяніна на непаразуменні ў рэкламе, кампанія адразу ж перастала яе распаўсюджваць. Цяпер, калі спажыўцы звернуцца ў суд і суд прыме рашэнне, што ў выніку неадпаведнай рэкламы яны панеслі страты, згодна з рашэннем суда, можа быць кампенсацыя гэтых стратаў.

У юрыдычным аддзеле Беларускага таварыства абароны спажыўцоў адносна падману абанентаў МТС нам паведамілі, што пытаннямі неадпаведнай закону рэкламы таварыства не займаецца, а пакрыўджаныя мусяць звяртацца ў адпаведнае ўпраўленне Мінгандлю. І дзесяткі зваротаў са скаргамі туды працягваюць паступаць. Прыкладам, наступны суразмоўца Рацыі, спадар Ігар, неўзабаве адправіць туды сваю скаргу:

- Я шмат карыстаюся мабільным тэлефонам і, безумоўна, убачыўшы такую паслугу, вырашыў да яе далучыцца. А потым ужо праз інтэрнэт даведаўся, што быў падмануты. І цяпер збіраюся накіраваць заяву ў кіраўніцтва самой кампаніі і ў Міністэрства гандлю, каб яны правялі адпаведную праверку.

І падобных падманутых МТС наш суразмоўца ведае нямала:

- Бадай, кожны мой сябра падключаў гэтую паслугу і бацькі мае таксама ёй карыстаюцца. Да апошняга часу ніхто з іх не ведаў аб падмане, бо сістэма праверкі плацяжоў на мабільных тэлефонах не празрыстая і вельмі цяжка прасачыць, калі і куды былі патрачаныя грошы.

За тлумачэннямі мы звярнуліся ў саму кампанію МТС, дзе ад спецыяліста кантактнага цэнтра пачулі толькі наступнае:

- Вы можаце размясціць сваё пытанне і вашу кантактную інфармацыю на сайце кампаніі, або накіраваць факсам. Мы не можам гарантаваць адказ у які-небудзь тэрмін. Калі ваша інфармацыя будзе разгледжаная і паступіць адказ, з вамі звяжуцца.

Кампанія спрабуе абараніцца. Яна накіравала скаргі на прадстаўнікоў юрыдычнай групы ў Міністэрства юстыцыі, Міністэрства гандлю і ў падаткавую інспекцыю. Пасля гэтага “Вердыкт Бай” неаднаразова правяраўся, але ніякіх парушэнняў не было выяўлена. Цяпер ў сваю чаргу юрысты рыхтуюць судовы іск да МТС аб абароне дзелавой рэпутацыі. А кантакт з МТС наладжваецца з цяжкасцю. Распавядае Ілля Латышаў:

- Мы сустракаліся з кіраўніком прадстаўніцтва МТС у Рэспубліцы Беларусь. Пагаварылі наконт судовага ўрэгулявання нашых прэтэнзіяў з прычыны шкоды нанесенай дзелавой рэпутацыі. Ён меўся быць пасрэднікам, вывучыць сітуацыю і данесці інфармацыю да кіраўніцтва беларускага МТС, арганізаваць перамовы. Але пакуль афіцыйнай пазіцыі МТС нам выказана не было ні наконт “2008 хвілін”, ні наконт скаргаў на нас.

Аднак кампанія “Мабільныя тэлесістэмы” не зможа доўга адмоўчвацца. Інфармацыя аб падмане праз паслугу “2008 хвілін” імкліва распаўсюджваецца. Усё больш і больш абанентаў імкнуцца ўзнавіць справядлівасць і вярнуць страчаныя грошы. І, хутчэй за ўсё, давядзецца выбачацца і плаціць.

Наталля ЯКАВЕНКА
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя