На некаторых прадпрыемствах людзі і дзень адпрацуюць, і частку заробка страцяць.
Плануецца, што ўдзел у суботніку прымуць больш за 5 мільёнаў грамадзян Беларусі. Урад разлічвае сабраць значна больш сродкаў, чым летась. Лічба не называлася, але падлікі паказваюць - калі летась 3,6 мільёна ўдзельнікаў суботніка сабралі 11,3 мільярда рублёў, то сёлета 5 мільёнаў павінны сабраць як мінімум 15 мільярдаў (каля 7 млн. долараў).
Мэта суботніка - "запрацаваць усёй краінай" на 14 рэанімабіляў і медыцынскую тэхніку для дзяцей.
Грошы ў фонд суботніка будуць пералічаны з фонду заробкаў, растлумачыў “Комсомольской правде в Белоруссии” бухгалтар аднаго з дзяржпрадпрыемстваў.
- У гэтым месяцы 22 працоўных дня. Нашы працаўнікі з суботнікам адпрацуюць 23 дня. А атрымаюць у выніку за 21 працоўны дзень. Таму што заробкавы фонд той жа, а адлічыць у фонд суботніка трэба будзе кошт аднаго працоўнага дня. (Пры акладзе ў 700 тысяч адзін дзень каштуе 32 тысячы.)






