24-04, 11:13

Пляцовак пад АЭС стала зноў чатыры

Сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што Беларусь вядзе даследаванні на чатырох патэнцыйных пляцоўках дзеля будаўніцтва АЭС.

- Зараз працягваюцца работы па чатырох пляцоўках у заходніх і ўсходніх рэгіёнах рэспублікі.

А вось 21 красавіка начальнік аддзела дзяржаўнага кантролю за выкарыстаннем і аховай зямель Мінпрыроды Міхаіл Бурш паведаміў, што ў Беларусі зараз праводзіцца экспертыза трох пляцовак верагоднага размяшчэння беларускай АЭС: Краснапалянскай (Чавускі раён Магілёўскай вобласці), Кукшынаўскай (Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці), Астравецкай (Гродзенская вобласць).

Раней у якасці магчымага месца размяшчэння беларускай АЭС разглядалася таксама Верхнядзвінская пляцоўка (Віцебская вобласць).

Паводле Бурша, цяпер спецыялісты праводзяць аналіз усіх фактараў за і супраць будаўніцтва, у тым ліку звязаных з забруджваннем водных і зямельных рэсурсаў, нетраў, асаблівасцямі кліматычных умоў. У канцы красавіка дзяржаўная камісія па выбары пляцоўкі павінна прадставіць ва ўрад даклад аб усіх магчымых варыянтах размяшчэння АЭС.

У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях таксама кажуць пра тры пляцоўкі. Так, 17 красавіка міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Энвер Барыеў паведаміў журналістам, што рашэнне пакінуць тры пляцоўкі было прынята на першым паседжанні дзяржаўнай камісіі, якая была спецыяльна створана для выбару пляцоўкі.

Пакуль невядома, якая менавіта пляцоўка дадалася ў спіс. Магчыма, гаворка зноў ідзе пра Верхнядзвінскую пляцоўку, якая знаходзіцца непадалёк ад мяжы з Літвой, Латвіяй і Расіяй.
 

Радыё Рацыя

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя