Гаспадаркі Гродзенскай вобласці вяртаюцца да шырокага выкарыстання коней у сельскагаспадарчых працах. Прыкладам можа стаць Ашмянскі раён, дзе на палетках коні часткова замянілі сваіх жалезных суродзічаў.
На палявых працах у гаспадарках Ашмянскага раёна задзейнічана прыкладна 50 коней. З мэтай эканомііі паліва для працы ў калгасе прыцягваюцца людзі, якія трымаюць дома жывёлу і працуюць у сельскагаспадарчых кааператывах ці знаходзяцца на пенсіі. Паводле загада, кожны ўладар каня павінен адпрацаваць на палявых працах у калгасе пэўную колькасьць дзён, у адваротным выпадку кіраўніцтва сельскагаспадарчых прадпрыемстваў адмаўляе ў мажлівасці назапашвання фуражу.
У асноўным, прыватныя коні занятыя на такіх працах, як прыбіранне камянёў з палеткаў, а таксама падвоз мінеральных ўгнаенняў і насення для сяўбы. Гаспадары коней атрымліваюць ад калгаса грашовае ўзнагароджанне, эквівалентнае прыкладна 3-5 доларам за адпрацаваны дзень, а коні - невялікую колькасць корму.
Прымусовае прыцягненне да калгасных працаў у Ашмянскім раёне людзей, якія маюць коней стала неабходнасцю ў сувязі з кепскім фінансавым становішчам большасці гаспадарак, якія не маюць сродкаў не толькі на ўтрыманне і абслугоўванне тэхнікі, але і жывёлы.




