У выпадку калі цана на газ, што імпартуецца для Беларусі, будзе большай за 140 долараў за 1 тыс. куб. м, гэта адаб'ецца на макраэканамічных паказчыках развіцця эканомікі краіны. Аб гэтым 26 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў міністр эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка.
"Як гэта адаб'ецца, я цяпер гадаць не буду", — дадаў ён.
Разам з тым міністр зазначыў, што пры распрацоўцы праектаў прагнозу эканамічнага росту і бюджэту на 2009 год выкарыстоўвалася цана на газ у памеры 140 долараў за 1 тыс. куб. м. "Мы зыходзім з гэтай цаны, паколькі яна прагназавалася пры падпісанні кантракта "Белтрансгазу" і "Газпрома", — патлумачыў міністр эканомікі. Гэтая цана была сфарміраваная зыходзячы з умоў і прагнозаў знешніх умоў, што зроблены напярэдадні падпісання кантракта, дадаў М.Зайчанка. "Якой будзе цана на самай справе, я цяпер адказаць не магу, бо гэта дастаткова складаны перамоўны працэс", — сказаў Зайчанка.
Пры гэтым міністр не стаў каментаваць заяву пасла Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава аб тым, што цана на газ для Беларусі з 2009 года можа перавысіць 200 долараў за 1 тыс. куб. м.
Нагадаем, што з 1 красавіка 2008 года цана 1 тыс. кубаметраў газу для Беларуся складае 128 долараў. //БелаПАН




