05-03, 17:38

У дзень смерці Сталіна “Катынь” Расіі не патрэбна

5 сакавіка ў Маскве мусіла адбыцца прэм’ера нашумелага фільма славутага Анджэя Вайды. Але прэм’еру адмянілі, мяркуецца, у сувязі з тым, што дата супала з гадавінай смерці Іосіфа Сталіна, які і загадаў 5 сакавіка 1940 года расстраляць тысячы польскіх афіцэраў пад Смаленскам.

Сам Анджэй Вайда на прэс-канферэнцыі пасля нядаўняй прэм’еры “Катыні” на Берлінскім кінафестывалі адзначыў, што чакае з Расіі розных меркаванняў наконт ягонага фільма. Але пры гэтым ён сказаў:

- Мне здаецца, расійскія гледачы прынялі б карціну, бо такія з’явы, як фашызм і сталінізм, не маюць нацыянальнасці. Мы ўсе павінны разумець гэта. (…) Фільм ні ў якім разе не скіраваны супраць Расіі.

Нагадаем, што апошні кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў рассакрэціў дакументы, якія сведчаць, што расстрэльвалі афіцэраў польскага войска ў Катыні менавіта бальшавікі, а не немцы.

У катынскіх лясах загінуў і бацька Анджэя Вайды.

- На розных этапах сваёй гісторыі, як і большасці народаў, палякам даводзілася быць захопнікамі. Але ў 1939 годзе мы аказаліся ахвярай, заціснутай у абцугі. Польша знікла з мапы Еўропы. Абодва захопнікі хацелі пазбавіцца ад польскай інтэлігенцыі – і гэта было рэальнай нагодай катынскага злачынства. Бо сярод афіцэраў былі не толькі кадравыя вайскоўцы, але і інжынеры, урачы, навукоўцы. Захопнікі хацелі зліквідаваць польскую інтэлігенцыю. Гэткім чынам Сталін хацеў адкрыць сабе дарогу да будучай Польшчы. Так меркавала і гітлераўская Германія.

Варта зазначыць, што ў Катыні сярод загінулых вайскоўцаў былі беларусы і украінцы з заходніх частак, якія тады ўваходзілі ў склад Польшчы. Але ў планах мінскага прадпрыемства “Кінавідэапракат” на сакавік паказ “Катыні” ў беларускай сталіцы не стаіць.
 

 

Радыё Рацыя

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя