Сёння ў Мінску адкрылася выстава Андрэя Плясанава “10 год з аднаго вакна”. Фотавыстава прымеркавана да 90-годдзя з дня абвяшчэння незалежнасці БНР.

Вядомы мастак, музыка і рэжысёр Андрэй Плясанаў на сядзібе Партыі БНФ прэзентаваў серыю сваіх фотаздымкаў, зробленых у розныя гады з акна ўласнай кватэры, што месціца на рагу вуліцы Янкі Купалы і праспекту Незалежнасці.

- За гады здымак з 1996 па 2006-ы перад маім вакном адбываліся абсалютна розныя падзеі – здараліся аўтамабільныя аварыі, масавыя маніфестацыі, праходзілі вайсковыя парады, а часам тут проста было ціха і бязлюдна, – распавядае Андрэй Плясанаў.

Баявая тэхніка, шматтысячныя калоны дэманстрантаў, кардоны міліцыянтаў, аўтазакі - на здымках Андрэя Плясанава барацьба дзвюх плыняў, змаганне дзвюх ідэяў. Падзяліцца сваімі ўражаннямі сёння на адкрыццё выставы прыйдуць лідэр гурта “Гарадзкія” Піт Паўлаў, саліст “Крамы” Ігар Варашкевіч ды вакаліст гурту “White Night Blues” Юры Несцярэнка.





Ігар ОЛІН




