07-03, 17:58

Уладзімір Арлоў. Ісці насуперак сістэме

Пісьменнік Уладзімір Арлоў – адзін з тых, хто вечна заняты, але пры тым заўжды адгукаецца на новыя прапановы і на просьбы аб інтэрв’ю. Між здымкамі разам з Юрыем Хашчавацкім фільма пра БНР і працай над другім выданнем “Краіны Беларусь” пісьменнік завітаў у студыю Рацыі.

- Якраз на мінулым тыдні ў Мінску прайшла цырымонія “Рок-Каранацыя”, дзе Вы ўручалі галоўны прыз. Што для вас рок-музыка, чым завабіла вас мерапрыемства, аўдыторыя якога – пераважна моладзь.

- Беларуская музыка калісьці карэнным чынам змяніла мой лёс. І я гэтую гісторыю згадаў у сваёй кароткай прамове перад уручэннем Рок-Кароны. Я згадаў пра тое, што калі я вучыўся ў 10 класе, у мой родны Полацк прыехалі на гастролі “Песняры”, якія тады яшчэ зваліся “Лявонамі”. Я тады захапляўся “ролінгамі”, “бітламі” і скептычна паставіўся да нейкіх там беларускіх “лявонаў”. Тым больш і сам канцэрт апынуўся пад пагрозай, бо, як я даведаўся ад свайго таты – полацкага пракурора, “Лявонаў” выклікалі ў гаркам партыі і сакратар па ідэалогіі сказаў: “Зараслі, як дзікабразы. Альбо ў цырульню, альбо ніякіх гастроляў не будзе”. На вялікае шчасце Мулявін абраў цырульню. Я пайшоў на іх канцэрт, бо быў заінтрыгаваны тым, што “Лявоны” – “зараслі”, а з іх канцэрта вяртаўся ўжо іншым чалавекам. Ува мне некалькі тыдняў гучала “Александрына”. Не пабаюся сказаць, што менавіта “Песняры” далучылі мяне да беларускага нацыянальнага космасу. Думаю, што і тысячы маіх сучаснікаў таксама.

- Што яшчэ, акрамя музыкі, здольнае паўплываць на лёс цэлага пакалення, змяніць яго?

- Калі казаць пра мяне і маіх аднадумцаў, то мы раслі насуперак таму, што павінна было на нас уплываць паводле той сістэмы. Мы раслі насуперак піянерскай арганізацыі, камсамолу, школьным праграмам па гісторыі і літаратуры. Я на “Каранацыі” казаў - і я ў гэтым упэўнены: рок-музыка можа паўплываць на лёс цэлага пакалення. На нас тады ўплывалі нашы музычныя куміры. Памятаю, як штосуботу мы слухалі музычныя праграмы Тамары Юхансан на “Радыё Швецыя”. Гэта таксама былі глыткі свабоды. І наша сучасная рок-музыка – гэта адно з увасабленняў Свабоды. Безумоўна на нас уплывала і літаратура. Калі Генадзь Бураўкін называў на пахаванні Уладзіміра Караткевіча “апосталам нацыі”, то ён зусім не памыляўся. Пазней за Караткевіча я адкрыў для сябе Васіля Быкава, які як нацыянальны пісьменнік для мяне пачаўся са “Знаку бяды”. Яшчэ ў гэтым сэнсе, у якім мы кажам, на нас уплывалі не нашыя бацькі, якія звычайна ўжо былі прадуктамі сістэмы. На нас уплывалі нашы бабулі. На заканчэнні кнігі “Імёны Свабоды” мне трэба было знайсці героя, які найбольш паўплываў на мяне. І я абраў сваю бабу Аўгінню.

- У Вашых творах заўважна найперш Асабістае. Вы нібы перакідваеце свой досвед на чытача і робіце гэта вельмі інтэлігентна і акуратна. Хачу крыху звузіць мінулае пытанне і запытацца: што на Вас паўплывала з сусветных літаратурных узораў у дачыненні менавіта да стылю.

- У мяне ніколі не было адзінага ўлюбёнага пісьменніка, як і музыкі, як і рэжысёра, мастака, кампазітара, акцёра. Калі казаць пра літаратуру – то гэта вельмі даўгі спіс. З айчынных два імёны я згадваў раней – Караткевіч і Быкаў. У гэтым спісе і Алесь Разанаў, Вячаслаў Адамчык, Андрэй Хадановіч з маладзейшых. У гэтым спісе будуць лацінаамерыканцы Борхес, Картасар, Гарсія Маркес, амерыканец Генры Мілер і чэх Мілан Кундэра, расіец Міхаіл Булгакаў. Тут я пастаўлю шматкроп’е, спадзяюся, што слухачы ўявілі кола маіх зацікаўленняў.

- Вы назвалі імёны Быкава, Караткевіча – літаратараў, якія сталі маральнымі аўтарытэтамі ўсёй нацыі. Спытаю шчыра і адкрыта: ці адчуваеце, што вы здольныя пераняць эстафету ад Васіля Быкава?

- Гэта пытанне не толькі нечаканае, яно ў нейкім сэнсе страшнае. Я думаю, што гэта ведае толькі Бог і на гэта пытанне адкажа толькі час.

Сяргей БУДКІН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя