08-03, 14:57

Аляхновіч з пластыку

У нядзелю – юбілей аднаго з славутых беларускіх драматургаў і пісьменнікаў Францішка Аляхновіча – чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускага тэатру і перажыў сталінскія лагеры. Але ў дзень яго 125-годдзя не будзе аніякіх вялікіх урачыстасцяў. З чаго так сталася, дзе сапраўднае месца пахавання беларускага творцы і чаму ў родным горадзе яму паставілі помнік з пластыку – у рэпартажы Рацыі. 

Францішак Аляхновіч трывала ўпісаў сваё імя ў беларускую гісторыю. Менавіта ён стварыў амаль сто год таму першы беларускі тэатр, потым заснаваў “Таварыства беларускай школы”. Ягоныя нататкі пра знаходжанне ў савецкіх лагерах “У кіпцюрох ГПУ” з’явіліся за 25 год да “Архіпелагу ГУЛАГУ” Салжаніцына і ў момантадразу былі перакладзеныя на рускую, польскую, украінскую і нават італьянскую і партугальскую мовы. Абставіны яго смерці дагэтуль застаюцца невядомымі – пісьменніка знайшлі ў ягонай віленскай кватэры з прастрэлянай галавой.

9 сакавіка ў Аляхновіча юбілей – 125 год. Але ніякіх урачыстасцяў з гэтай нагоды ў Беларусі не праводзяць ні афіцыйныя ўлады, ні незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў. У плане беларускага Міністэрства культуры на сакавік  няма аніводнай імпрэзы, прысвечанай стваральніку першага беларускага тэатру.

Саюз беларускіх пісьменнікаў таксама аніякіх урачыстасцяў з нагоды юбілею Аляхновіча не праводзіць. Праўда, з аб’ектыўных прычынаў, - тлумачыць намеснік старшыні саюзу Эдуард Акулін.

- Не на Аляхновіча забыліся, забыліся на наш Саюз, а хочуць, каб нейкая справа рабілася. Вось нядаўна было 100 год дзіцячаму пісьменніку Шушкевічу, таксама пыталіся, ці будзем нешта ладзіць з гэтай нагоды. Калі бы ў нас быў хоць пакойчык у доме літаратара і доступ да актавай залі, мы намагаліся ладзіць вечарыны, а зараз такой магчымасці няма.

Жыццё Аляхновіча неад’емна было звязана з Вільнюсам – тут ён нарадзіўся, працаваў і тут памёр. Ён быў пахаваны з урачыстасцямі на пратэстанцкіх могілках. Цяпер гэта вуліца Каліноўскага, а на месцы тых могілак знаходзіцца палац шлюбаў і парк. У 50-х гадах камуністы тыя могілкі зруйнавалі і ахвотных перазахаваць цела беларускага драматурга папросту не знайшлося.

- Ніхто не мог узяцца за перазахаванне. Сям’я яго ўжо выехала ў Польшчу, беларуская інтэлігенцыя была вынішчаная пад корань, а сярод тых, хто застаўся панаваў страх. Таму Францішак Аляхновіч застаўся там і менавіта таму 9 сакавіка мы пачынаем урачыстасці з таго месца, - апавядае дырэктарка вільнюскага музею імя Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс, адна з завадатараў акцыі па ўшанаванню памяці Аляхновіча.
.
З пачаткам беларускага адраджэння напрыканцы 80-х, калі ізноў пачалі згадваць пра Аляхновіча і ставіць яго п’есы, з ініцыятывы “Таварыства беларускай культуры ў Літве” было зладжана перазахаванне і пастаўлены помнік на могілках Роса ў 1992 годзе. Праўда, помнік быў зроблены з пластыку, а перазахаванне мела сімвалічны характар. На іншае грошай проста не хапіла. Тлумачыць Людвіка Кардзіс.

- Старэйшыя віленчукі паказалі прыкладнае месца яго пахавання. Як звычайна бывае – пагрэшнасць магла складаць да некалькіх метраў. Калі рабіць сапраўднае перазахаванне, то неабходна правесці ўсялякія аналізы, каб устанавіць, што гэта была асоба Францішка Аляхновіча. Гэта каштуе немалых грошай. Таму проста ўзялі з таго месца зямлі і перанеслі яе на могілкі Роса.

Аўтар той самай пластыкавай мадэлі помніка Францішку Аляхновічу, якая дагэтуль стаіць на могілках Роса – вядомы віленскі мастак і скульптар Эдуард Падбярэзскі. Працу ён выканаў абсалютна бясплатна, прычым намаляваў адразу два праекты помніка. Тады меркавалі зрабіць надмагілле альбо з мармуру, або з бронзы, альбо з чорнага камення.

- На першым праекце фігура Аляхновіча – сядзячая, на другім – бюст напалову. Але архітэктар, які выдаваў рашэнні адносна помнікаў на могілках Роса, другі варыянт забракаваў. Вось мадэль першага варыянту мы і паставілі.

Аўтар помніку Аляхновічу кажа, што гэтая пластыкавая мадэль можа прастаяць яшчэ доўга. Але калі знойдуцца сродкі , то паставіць сапраўдны каменны помнік не складзе праблемы. Па падліках скульптара трэба ля 35 000 літаў, гэта недзе 15 500 долараў.

- Няма за што брацца. Гэта аніякай творчасці нават не вымагае. Проста трэба зняць гэтую мадэль, завезці да майстраў. Яны зробяць копію адзін да аднаго – і помнік гатовы.

Беларусы Вільнюса ўжо распачалі збор сродкаў на помнік Францішку Аляхновічу і спадзяюцца, што гэтая акцыя знойдзе водгук і ў іншых. А 9 сакавіка ў Вільні, у 125-ты дзень нараджэння беларускага драматурга, усе неабыякавыя збяруцца ў гадзіну дня - спачатку на былых пратэстанцкіх могілках на вуліцы Каліноўскага, а потым ускладуць кветкі на могілках Роса да таго самага помніку з пластыку.

Сяргей БУДКІН
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя