11-03, 13:02

Міхаіл Фінберг: у Беларусі практычна няма прафесійнай музыкі

На "Еўрабачанні" знік крытэрый ацэнкі творчасці музыкантаў — з гэтым звязаны цяжкасці пры падрыхтоўцы канкурсантаў. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі ў Мінску выказаў народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг, старшыня журы нацыянальнага адборачнага тура "Еўрабачання-2008". 

"Мне пашчасціла быць першым з Беларусі, хто паехаў на "Еўрабачанне", — зазначыў ён. У 1995 годзе аркестр пад кіраўніцтвам М.Фінберга акампанаваў Філіпу Кіркораву, і "ўжо тады было цяжка прадказаць пераможцу", бо "на "Еўрабачанні" кожны год новыя крытэрыі ацэнкі", сказаў музыкант.

"Шчыра кажучы, я для сябе ў гэтым фестывалі не бачу нічога, што мне падабалася б, — прызнаўся Міхаіл Фінберг. — Калі музыканты выступалі ў суправаджэнні аркестра, мне гэта падабалася, калі ўвялі фанаграму — я нічога зразумець не магу".

Гаворачы пра прадстаўніка Беларусі на "Еўрабачанні-2008" у Белградзе Руслана Аляхно, М.Фінберг зазначыў, што, калі падводзіліся вынікі конкурсу, ён сказаў толькі адно: "У мяне ёсць шмат пажаданняў". Пры гэтым, паводле слоў старшыні журы, ён замяніў слова "заўваг" на "пажаданняў" "і гэты выраз не ўсім спадабаўся". "Калі ў мастацтве хтосьці не терпіць крытыку — гэта трагедыя", — дадаў ён. Акрамя гэтага, паводле слоў маэстра, "сёння ў многіх выканаўцаў з'явілася адна вельмі складаная рэч — самаўпэўненасць, а таксама творчая ўседазволенасць".

"На Захадзе ёсць толькі адзін крытэрый ацэнкі творчасці: артыст не атрымае высокай ацэнкі, калі ў яго творчасці няма элементу, які рухаў бы мастацтва наперад, — падкрэсліў М.Фінберг. — Відавочна, гэта правільна. Праспяваў высокую ноту, пераймаючы іншага, — гэта яшчэ не ўсё. Важна, каб у музыканта была індывідуальнасць".

Гаворачы аб сучаснай беларускай эстрадзе, ён зазначыў, што ў краіне "практычна няма прафесійнай музыкі". "Сёння кампазітарам дапамагае тэхніка, але не дапамагаюць вушы і свая галава, — адсюль вельмі шмат аднастайнай музыкі", — сказаў М.Фінберг. На яго думку, у Беларусі "шмат здольных, талковых і таленавітых музыкантаў, але ім неабходна далейшая прафесійная падрыхтоўка". //БелаПАН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя