13-03, 18:25

Выйшаў насценны перакідны каляндар да 90-годдзя БНР: “1918—2008”

Каляндар змяшчае дванаццаць фотаздымкаў: усіх васьмі старшыняў Рады БНР: Янкі Серады, Язэпа Лёсіка, Пётры Крэчаўскага, Васіля Захаркі, Міколы Абрамчыка, Вінцэнта Жука‑Грышкевіча, Язэпа Сажыча ды Івонкі Сурвіллы, а таксама чатырох старшыняў Ураду БНР, што дзейнічаў у Беларусі: Язэпа Варонкі, Антона Луцкевіча, Рамана Скірмунта, Вацлава Ластоўскага.

Каляндар выйшаў пры падтрымцы ЗБС “Бацькаўшчына” і Рады БНР. Прадмову да календара напісалі першы намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык і радны БНР, гісторык Янка Запруднік. Укладальнікі календара: Алег і Наталля Гардзіенкі.

У прадмове яны зазначаюць:

- Ідэя календара, прысвечанага ўгодкам Беларускай Народнай Рэспублікі, нарадзілася колькі гадоў таму, але толькі зараз атрымала сваё ўвасабленне. (…) Выданне склалі, фактычна, два асобныя календары: адзін актуальны на 2008 год, другі гістарычны на 1918 год. Апошні дазволіць больш яскрава адчуць храналагічныя асаблівасці падзеяў, звязаных з першым годам гісторыі БНР. (…)

Характар выдання не дазваляе ахапіць усіх дзеячаў, таму засяродзіліся на кіраўніках Ураду і Рады БНР. Праўда, у выпадку паваеннага перыяду давялося абмежавацца выключна старшынямі Рады (як найбольш уплывовай, у параўнанні з Урадам, структуры тагачаснай БНР). Захаваная храналагічная паслядоўнасць асобаў у найвышэйшым кіраўніцтве БНР. Да таго ж зробленая спроба падаць найбольш дакладныя на сёння біяграфічныя звесткі дзеячаў.

Таксама на старонках календара прадстаўленыя выявы арыгінальных аўтографаў кіраўнікоў БНР і дакументы ды выданні з фондаў Беларускага Дзяржаўнага архіву-музею літаратуры і мастацтва, Музею гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ды прыватных збораў.

Адметнасцю выдання ёсць таксама выкарыстанне на яго старонках арыгінальных паштовых марак БНР 1918-1920 гг. і паваеннага часу з калекцыі Беларускай бібліятэкі і музею імя Ф. Скарыны ў Лондане (выявы падаюцца з захаваннем арыгінальных памераў).

Каляндар памерам А4, каляровы, двухбаковы. З адваротнага боку дадаецца біяграма таго ці іншага дзеяча БНР, а таксама каляндар гэтага месяца ў 1918 годзе. // “Наша Ніва”

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя