18-03, 15:36

Хаменка і Куллінковіч перажылі смерць

Героі аднаго з самых яркіх фільмаў Эміра Кустурыцы “Чорная котка, белы кот” цяпер будуць размаўляць галасамі Алега Хаменкі і Аляксандра Куллінковіча. Сканчаецца праца над беларускім агучаннем стужкі балканскага рэжысёра. Розніцца ад ранейшых падобных праектаў гэты будзе найперш поўнай легальнасцю. Завадатары праекту кажуць, што на “агучку” была атрыманая ліцэнзія і прадавацца дыскі з “Чорнай коткай…” будуць ў беларускіх дыскарнях цалкам афіцыйна пад беларускай вокладкай.

Творчая суполка пад назвай “Дзівоцтвы і памароцтвы” ўжо мае ў сваім каталогу некалькі фільмаў, перакладзеных на беларускую мову. Але кіраўнік суполкі Алесь Квіткевіч лічыць менавіта “Чорную котку…” Кустурыцы этапнай працай:

- Ужо вырашана галоўнае пытанне – аўтарскіх правоў. У тэхнічным сэнсе таксама адбыўся істотны зрух – мы знайшлі якаснага гукарэжысёра, які можа даць нам фінальны прадукт такі, які мы жадаем. З усімі атрыбутамі і гукам 5.1.

Над беларускай “агучкай” фільма Кустурыцы працуе з дзесятак людзей. Пераклад рабіў выпускнік філфаку Віталь Зыблюк, тэкст рэдагаваў паэт Андрэй Хадановіч, а ролі агучвалі вядомыя беларускія музыкі і акцёры. Пры гэтым бюджэт праекту – нулявы, кажа Алесь Квіткевіч:

- Збольшага праца дарагая ў сэнсе часу, бо вымагае шмат высілкаў. Калі казаць пра фінансавы бок, бо бюджэт “агучкі” “Чорнай коткі”- 0 рублёў.

Лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка пагадзіўся агучыць ролю цыганскага барона з фільма Кустурыцы абсалютна бясплатна. І вось чаму:

- Гэта знакавы фільм, і працу над ім можна лічыць нейкай данінай павагі таленту Кустурыцы як рэжысёра і музыканта. Па-другое, я ўпэўніўся, што гэта будзе не пірацкі варыянт і ўся праца робіцца дзеля таго, каб беларускі варыянт фільма трапіў на паліцу дыскарняў.

Для другога “барона” - лідэра гурта Neuro Dubel Аляксандра Куллінковіча - гэта быў першы досвед “агучкі” ролі ў мастацкім кіно, і ён нават мае намер працягнуць такую акцёрскую кар’еру:

- Мне вельмі спадабалася, і я бы з задавальненем працягнуў. Лічу, што падышоў да задачы прафесійна, але ўпэўнены, што такія праекты трэба рабіць на большбуйным узроўні. Мне не спадабаўся “Шрэк” па-беларуску. Мне, рускамоўнаму чалавеку, падалося, што шмат згубілася праз пераклад. Фільмы ж Кустурыцы вельмі блізкія нам па духу і па сутнасці.

Хаменка і Куллінковіч агучылі ролі двух сваякоў-баронаў з крымінальным мінулым, якія нібы памерлі, а потым ачунялі, каб паставіць усё на свае месцы.

Хаменка: Аёй-аёй, я ўвесь мокры, яна ж мяне абас...ала ды яшчэ і абас…ала зверху. Гэй, браце мой, дык мы ж не памёрлі!
Куллінковіч: Мы жы-ы-ывыя!!!
Хаменка: Я бачу, што ты жывы, а мне казалі – ты памёр…
Куллінковіч: Дык і ты ж не памёр!
Хаменка: Цябе падманулі! Я жывы, як ніколі!!!

“Чорная котка, белы кот” станецца першым замежным фільмам, агучаным па-беларуску, які будзе прадавацца ў дыскарнях. Творчая суполка “Дзівоцтвы і памароцтвы” мяркуе запусціць у продаж пакуль наклад у паўтысячы DVD, каб прасачыць якім будзе попыт. Тым часам, ужо друкуецца наклад мультфільма “Тарзан”, таксама агучанага на беларускую мову, а акцёры Тэатра юнага гледача агучаць мультфільм кампаніі “Уолт Дыснэй” – “Самаходзікі”.

Сяргей БУДКІН
 

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя