22-03, 10:22

Беларускія зоркі праваліліся на “Новай хвалі”

Гюнеш і Пётр Ялфімаў не прайшлі ў паўфінал конкурса “Новай хвалі”. Параза беларусаў, безумоўна, выклікала расчараванне сярод прыхільнікаў. Тым больш што менавіта на гэтых спевакоў, як на самых моцных, рабіліся стаўкі айчыннага шоу-бізнесу. Аднак самі канкурсанты нібыта не засмучаныя.

Прынамсі, дырэктарка Гюнеш Вольга Зінавая сказала Рацыі пра тое, што конкурс ёсць конкурс:

- Пры гэтым ён моцны. Магчыма, Гюнеш проста не задавальняе ці не праходзіць у кантэксце конкурса. У мяне ўвогуле такое ўражанне, што гэта не конкурс Гюнеш. Мы, шчыра кажучы, не аналізавалі паражэнне. Нам прапанавалі паўдзельнічаць – мы паўдзельнічалі. Тое, што Гюнеш не прайшла ў “Новую хвалю”, не выклікала ў нас ніякіх эмоцый. Дый мы і не рыхтаваліся да конкурсу так, каб цяпер кідацца ў істэрыкі і расчараванні. Няма агрэсіі, крыўды. Наконт абраных журы прэтэндэнтаў прысутнічае нотка няўцямнасці, але не больш за тое. Зрэшты, можа і трэба даваць дарогу маладым.

Журы адборачнага тура са 130 праслуханых кандыдатаў выбрала чацвярых беларускіх выканаўцаў: былую тэлевядучую Першага музычнага канала Наталлю Кузьміну, малады гурт “Цвет алоэ”, спевака Габрыэля і саліста гурта “Ван Хельсінг” Івана Вабішчэвіча.

Шчаслівая такім выбарам журы Наталля Кузьміна, тым не менш, была гэтым вельмі здзіўленая:

- Я была ўпэўнена, што пераможа Гюнеш. І калі чацвёрка была агучаная, здзіўлення было шмат. Але так вырашыла журы. Магчыма, гэта звязана з тым, што расійскі шоу-бізнес адрозніваецца ад беларускага нейкім падыходам і бачаннем. У нас ідзе акцэнт на вакальныя дадзеныя, а “Новая хваля” выйшла на ўзровень сусветнага шоу. Арганізатары самі кажуць, што, бывае, чалавек спявае вельмі добра, а ў відэарадзе (журы падчас выступаў глядзяць на манітор) не глядзіцца. Ім бы хацелася бачыць нешта іншае, а можа, і рэпертуар не спадабаўся. Я магу толькі так патлумачыць правал Гюнеш, таму што яе выступ быў вельмі годны.

Дырэктар “Цвет алоэ” Анатоль Чэпікаў наадварот лічыць выступ свайго гурта найбольш яскравым на фоне іншых удзельнікаў, а поспех тлумачыць наступным чынам:

- Мы рабілі на сцэне шоу – тое, што трэба было арганізатарам. Ігар Круты ў апошнім сваім слове перад канкурсантамі сказаў, што вельмі шмат людзей, якія спяваюць, аднак патрэбны не вакалісты, а артысты. Таму беларускія карыфеі і не патрапілі ў спіс кандыдатаў у фінал “Новай хвалі”, паказаўшы добрыя вакальныя дадзеныя, але абсалютна праваліўшы свае конкурсныя нумары.

Роўна праз тры тыдні мы даведаемся, хто з беларускіх выканаўцаў паедзе на “Новую хвалю” і, адпаведна, будзем ведаць, хто з іх найбольш блізкі ў сваім выканаўчым майстэрстве да патрабаванняў сусветнага шоу-бізнесу.

Наталля ЯКАВЕНКА
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя