Яшчэ адным супольным музычным праектам у Беларусі паболела. 25 сакавіка пабачыла свет складанка “НезалежныЯ”, прымеркаваная да 90-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Аўтары праекта і музыкі распавялі пра яго асаблівасці, змест ды ідэйнае напаўненне.
Пра падрыхтоўку да выдання праекта, прысвечанага 90-годдзю БНР яго прадзюсар Франак Вячорка заявіў яшчэ два месяцы таму. Усё паспелі зрабіць у тэрмін, хоць тыпаграфіі і адмовілся друкаваць вокладкі дыскаў да 25 сакавіка, пабаяліся, што яны стануць агітацыйным матэрыялам.
На дыск увайшло 22 песні, 10 з якіх былі запісаныя адмыслова для складанкі “НезалежныЯ”. Свае кампазіцыі для яе прадаставілі як маладыя, так і ўжо знаныя калектывы.
- Усе гэтыя песні аб’яднаныя беларускай мовай, нагодай для іх публікацыі – 25 сакавіка, ну і, натуральна, пазітыўным настроем і характарам, - кажа Франак Вячорка.
На вокладцы дыска пазначана, што “НезалежныЯ” – гэта супольны музычны праект. Раней пад такой шыльдай свет пабачылі славутыя “Народны альбом”, праекты “Сьвяты вечар” і “Я нарадзіўся тут”. Франак Вячорка спадзяецца, што “НезалежныЯ” станецца працягам гэтай добрай традыцыі:
- У ім ёсць доля ад “Я нарадзіўся тут” - гэта шчырасці і беларускасць. Нешта ёсць ад “Песень Свабоды” - зацятасць, вулічнасць, масавасць. Ну і нешта ёсць, што яшчэ не разведана і не разгадана, – гэта ўласны характар, характар незалежных.
Адно з адкрыццяў праекта “НезалежныЯ” – песня “Загінуўшым паэтам прысвячаецца” у выканні гурта B:N: сумесня з Лявонам Вольскі. Слухачы Рацыі ўжо паспелі пазнаёміцца з гэтай кампазіцыяй у нашым эфіры. Гітарыст гурта B:N: Максім Літвінец тлумачыць, што назву песні трэба разумець у шырокім яе сэнсе:
- Гэта песня прысвячаецца не толькі загінуўшым паэтам, а яшчэ і тым, якія праз свае погляды не могуць публічна выказаць свае думкі.
На дыск “НезалежныЯ” трапілі не ўсе песні, якія арганізатары планавалі на яго змясціць. У фінальнай версіі – 22 трэкі, а павінна было быць 25. Некаторыя песні прыйшлося падкараціць, некаторыя адкласці ў шуфляду. Укладалнік праекту Адам Птушка кажа, што музыкі да гэтага паставіліся з разуменнем і ніхто не крыўдаваў:
- Я адбіраў гурты, якія найперш падабаюцца мне. Таксама нашыя кансультанты адбіралі. Мы калегіяльна ўвесь матэрыял праслухалі і адабралі 22 кампазіцыі.
Праект “НезалежныЯ” выдадзены накладам у 2000 асобнікаў. Першая тысяча будзе распаўсюджаная бясплатна сярод тых людзей, якія падпісаліся на атрыманне дыску праз інтэрнэт. Яшчэ тысяча асобнікаў паступіць у дыскарні і музычныя крамы. Усе песні з “НезалежныЯ” можна абсалютна легальна спампаваць з афіцыйнага сайту праекта.
Аляксей МІНЧОНАК




